Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Слёзы

   Стары нечакана заплакаў. І сам, пэўна, засаромеўся сваіх слёз, сеў на жэрдкі, рукавом пачаў выціраць вочы. І колькі ні выціраў, не мог выцерці. Слёзы наплывалі і наплывалі, не буйныя, бляклыя, як вочы, у якіх яны нараджаліся. Стары хаваў свае вочы, пазіраў больш на неба, чымсьці на людзей, нібы чакаў цяпер ужо адтуль дапамогі або адказу, а можа, слаў ён праклёны гэтаму небу, бачыў там таго, хто пакрыўдзіў яго. Бачыў і праклінаў неяк нязлосна, а хутчэй пакорна, з невялікім дакорам. І дакараў больш, падобна, сябе, чаму ён такі маленькі перад гэтым вялікім небам, перад гэтым спякотным сонцам. І глядзець на яго Мацвею было невыносна горка. Ён, здавалася, адчуваў у роце, на языку горыч мутных і бляклых слёз, яны пераціснулі яму горла, шчыпалі вочы, хілілі, гарнулі да дзеда, да яго рук, да яго твару, вачэй. І ён вачамі старога на імгненне азірнуўся вакол сябе, паглядзеў на зямлю, на неба, на сонца і на самога сябе. Смутак, што ўсё часцей і часцей ахопліваў яго, смутак і журба, з якімі ён пачаў ужо звыкацца, прымаць як нейкую існасць, як святло і змрок, адрынулі, наваліўся жах, халодны і спапяляльны адначасова, жах за сябе і перад гэтай слязінкай старога, што плакаў у глыбі Палесся пасярод лета. Жах павялічваўся, мацнеў, бо слязінку гэтую старэчую як бы падтрымлівала само неба, сама зямля, само сонца. У небе і на сонцы таксама нешта цененька дрыжала, слёзнае і журботнае, нешта патаемнае і грознае, здаецца, крылася ў вусцішна аціхлай, маўклівай зямлі, што да далягляду была занята пшаніцаю, да далягляду, за якім ледзь-ледзь згадваўся вымушаны адступіць лес. Жах запасіўся ў Мацвею яшчэ і таму, што ён не разумеў, з-за чаго так нечакана расплакаўся гэты стары.
(272 словы)

Паводле В. Казько

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗязюльчыны слёзы (Паводле А. Гурскага)

Пераказы, дыктантыБабровы слёзы

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Слёзы маці

Пераказы, дыктантыЗязюльчыны слёзкі (Паводле М. Даніленкі)

Янка МаўрЯнка Маўр - Слёзы Тубі