Заўсёды славіўся Слуцк сваімі пладовымі садамі. Асабліва шырока былі вядомы мясцовыя грушы.
Зямля на Случчыне багатая, урадлівая. Глебы тут тлустыя, чарназёмныя. Случчына багатая і хлебам, і садамі, і песнямі, і працавітымі людзьмі.
Буйна каласяцца на шырокіх нівах пшаніца і жыта. У нізінах хвалюецца сінявокі лён. І ўсюды ў гэтым пейзажы мы заўважаем выразныя рысы новага.
На поўдзень навакольная мясцовасць набывае характэрнае палескае аблічча. Невысокія ўзгоркі з сасновым і лісцвяным лесам чаргуюцца з палямі і садамі, з нізінамі і лугамі, балоцістымі сенажацямі. Серабрацца невялікія рэчкі, пабліскваюць сцюдзёныя крыніцы. Над вадою задумліва схіляюць вецце ніцыя лозы. Дзе-нідзе купамі і ў адзіночку растуць дубы.
Вунь ходзіць па зялёнай лугавінцы бусел. Сваім бела-чорным адзеннем і чырвонай дзюбай ён ярка вылучаецца на фоне зялёнай травы і блакітнага неба. Гэты сур’ёзны птах з’яўляецца часткай беларускага краявіду. З людзьмі ён жыве ў дружбе, гняздзіцца часта на стрэхах сялянскіх будынкаў, на дрэвах каля хат. Народ любіць бусла, лічыць яго добрым суседам чалавека.
(130 слоў)
Паводле В. Вольскага
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Ёсць на зямлі