Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сведкі сівой даўніны

   Навагрудская зямля вельмі цікавіць археолагаў. Вучоныя, нібы нястомныя краты, сваім асаблівым чуццём адшукваюць на старажытнай зямлі сведкаў сівой даўніны.
   Мы маем шчаслівую магчымасць зайсці ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей і паўзірацца ў знаходкі археолагаў. Толькі не трэба спяшацца хадзіць па музейных залах. Варта ўключыць фантазію – і сведкі сівой даўніны раскажуць шмат цікавага, займальнага і павучальнага.
   Можа, вунь тыя шкляныя пацеркі, рэдкі і дарагі падарунак, насіла князёўна. Можа, імі ўпрыгожыў сваю каханую мужны воін з дружыны караля Міндоўга. А на чыім пальчыку зіхацеў прыгожы залаты пярсцёнак, якому многія сотні гадоў?
   А вось даўнейшая шахматная фігурка. Дзе ж астатнія? Хто і каму ставіў маты ў гэтай цікавай старажытнай гульні?
   Археолагамі знойдзена чатырнаццаць пісалаў. Гэта своеасаблівыя ручкі. Хто і што пісаў імі? Можа, дзе-небудзь ляжаць яшчэ не адкрытыя берасцяныя пасланні да нас, людзей дваццаць першага стагоддзя.
   Нельга адарваць вачэй ад рэчаў, якімі карысталіся нашы далёкія продкі. Вось яны: ляпны посуд, серпападобныя нажы, крамянёвыя сякеры, гаршкі, міскі, гузікі, рыбалоўныя кручкі, ключы, конскія падковы, зброя, наканечнікі стрэл. Усім гэтым дабром даўным-даўно карысталіся разумныя, дбайныя гаспадары.
   У старажытным Наваградку ўжо былі двухпавярховыя мураваныя дамы з зашклёнымі вокнамі. Гэта ў той час, калі паўсюдна стаялі яшчэ куродымныя хаты амаль без акон, бо шкло было занадта дарагой раскошай. Посуд, упрыгожанні прывозілі з іншых зямель: Візантыі, Кіеўскай Русі, Прыбалтыкі, Рымскай імперыі.
   Дзеці Навагрудчыны жывуць у музейным раёне. Шмат тайнаў па сённяшні дзень захоўвае іх векавечная зямля. Трэба толькі навучыцца любіць і цаніць яе, і яна абавязкова раскрые свае таямніцы і шчодра адорыць цікаўных.
(246 слоў)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМузей Якуба Коласа

Пераказы, дыктантыМузей векапомнай славы

Пераказы, дыктантыЛітаратурны музей Максіма Багдановіча

Пераказы, дыктантыМузей

Пераказы, дыктантыПраўда-памяць