Хата была і ёсць для чалавека тым месцам, дзе ён праводзіць усё сваё жыццё, калыскай, у якой нараджаецца і расце не адно пакаленне сям’і. З даўніх часоў чалавек надаваў будаўніцтву новай хаты вельмі важнае значэнне: пад увагу бралася і месца, дзе будзе стаяць хата, і час пачатку яе будаўніцтва.
Перш трэба было нарыхтаваць лес для будаўніцтва хаты. Калі пачыналі секчы першае дрэва, то глядзелі, як упадзе кара на зямлю. Добрым знакам лічылася, калі кара ўпадзе белым бокам уверх, а верхняй шурпатай часткай уніз.
Па каляндарным часе будаўніцтва пачыналі толькі пасля Дабравешчання.
Са старажытных часоў месца для новай хаты выбіралася наступным чынам: за некалькі дзён да будаўніцтва на зямлю кідалася дубовая кара з лесу, нарыхтаванага на хату, а прыкладна на чацвёрты дзень яе падымалі і глядзелі, што пакажацца пад карой. Калі там былі чарвякі ці чорныя мурашкі, лічылі, што такое месца найбольш спрыяльнае для будаўніцтва, а калі пад карой заводзіліся павукі ці звычайныя мурашкі, хату ў такім месцы не будавалі.
Будаўнікі пачыналі звязваць першы вянец зруба з таго месца, дзе ў хаце павінен быць кут – пачэсны і святы вугал, на якім вісяць абразы.
Пры закладцы першага вянца ў зарубку паміж бярвеннямі клаліся зёлкі, якія збіралі і асвячалі ў царкве напярэдадні Івана Купалы; вядомы ў беларусаў і звычай класці ў зарубкі вуглоў першага або трэцяга вянца медныя і сярэбраныя манеты, воўну, зерне – усё, з чым асацыіравалася багацце ў будучай хаце.
У нашых продкаў быў звычай па заканчэнні будаўніцтва не спяшацца з перасяленнем. На першыя суткі ўпускаліся ў хату певень і курыца, на другія – гусь ці кот, на трэція – парася, затым – авечка, карова, конь, і толькі на сёмыя суткі, калі з жывёламі і птушкамі нічога не здаралася, перабіраліся ў хату жыць людзі. Рэшткі гэтага звычаю вядомы і сёння: пры ўваходзе ў новую хату спачатку ўпускаюць пеўня або ката.
У дзень перасялення ў хату запрашалі святара, які асвячаў яе і чытаў малебен на ўсяленне. Уваходзілі ў новую хату з радавым абразом. Такі абраз уносіла жанчына. У хату яна ўваходзіла першай і вешала яго на куце.
(336 слоў)
Паводле У. Сысова
Похожие статьи:
Пераказы → Хаты беларусаў
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Пра маю старую хатку
Пераказы → Просім у хату, госцейкі нашы!
Пераказы → Людчына хата
Пераказы → Нашы хаты