Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ручайкі

   Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог!
   Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладаюць пуціны вясне, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь прыкметныя ўпачатку, струменяцца яны, як слёзы, па твары зямлі тоненькімі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам наперад. І колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Кожная грудка лёду, выступ зямлі, узгорачак становяцца замінкай у іх імклівым руху. Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды ці проста зносячы іх са сваёй дарогі, бягуць, пакуль не сальюцца ў бурлівыя патокі, пакуль не ачысцяць зямлю ад снягоў, каб магутным разводдзем пралажыць шырокі шлях для яе новага жыцця.
   Тысячамі дарог і ў розных кірунках ідуць і людзі, шукаючы сабе прастору, волі і ўсяго таго, што называюць яны сваёй радасцю і шчасцем.
(150 слоў)

Паводле Я. Коласа