Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Расце дрэўца

   Ехалі мы да дзеда ў госці. Падвозіў нас бацькаў сябар на сваёй аўтамашыне. Дзядзька Алесь быў маўклівы, але вельмі ўважлівы да нас.
   На пярэднім сядзенні, побач з дзядзькам Алесем, сядзела Лідачка. Яна ледзь носам не ўпіралася ў лабавое шкло і, здзіўленая, радуючыся, што едзе да дзеда, глядзела толькі наперад, на дарогу.
   Раптам Лідачка закрычала:
   – Стой, не трэба…
   Дзядзька Алесь, хоць нічога не зразумеў, але па тым, як Лідачка раптам выставіла наперад руку, здагадаўся, што яна нешта заўважыла, і затармазіў машыну.
   Лідачка хуценька скокнула на зямлю, забегла наперад машыне і нахілілася да зямлі.
   – Во! – падняла яна дрэўца. Гэта была некім выкінутая на дарогу, а мо згубленая, як перавозілі саджанцы, маладзенькая вішанька. Маленькая, не зусім роўная, з аголенымі галінкамі, на якіх трымалася некалькі засохлых лісточкаў з калматымі, але ўжо таксама амаль засохлымі карэньчыкамі.
   Дзядзька Алесь стаяў ужо тут, каля пярэдніх колаў, адкуль Лідачка выхапіла малое дрэўца. Зразумеўшы дзіцячы клопат пра яшчэ жывое, але пакінутае на дарозе дрэўца, ён упэўнена сказаў:
   – Трэба яго хутчэй пасадзіць, можа, жыць будзе…
   – Будзе, будзе! – удзячная дзядзьку Алесю за тое, што ён у час спыніўся і падтрымлівае яе, радасна зашчабятала Лідачка.
   Вішаньку ўзялі ў машыну і павезлі да дзеда.
   А там, на яго прысядзібным участку, у самым сонечным куточку пасадзілі дрэўца.
   З таго часу мінула шмат гадоў. Мы па-ранейшаму наведваем свайго дзеда, які жыве ў калгасе за Смалявічамі. Лідачка ўжо студэнтка, а вішанька яе кожную вясну цешыць усіх сваёй квеценню, а летам частуе сакавітымі салодкімі ягадамі.
(241 слова)

(Паводле П. Кавалёва)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыТаполя

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Я дрэву сказаў...

Пераказы, дыктантыЯблынька-дзічка

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Дрэва вечнасці

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Дрэва