Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым: абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары, а ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. Пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва ды іншая дрэнь. Высоўваў сям-там, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя галіны падтыннік, буяла шыпшына. І на чорнай ад вільгаці зямлі ляжалі белыя ад цвілі, абламаныя ветрам каржакаватыя сукі дрэў. Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі познія астры. І выглядаў дом так змрочна і холадна, што сэрца сціснула.
Я вырашыў агледзець тут усё і пайшоў па алеі.
Нехта насаджаў у такім жудасным месцы яліны, і дрэвы (ім было ніяк не менш за сотню год) зрабілі мясцовасць яшчэ больш змрочнай, панурай. Яліны падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышаліся сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Камлі іх зацягнула сівая барада імхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор’е. Толькі ля самага дома бачны былі дзе-нідзе пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты-ліпы і адзін каржакаваты дуб, вышэйшы нават за яліны.
(194 словы)
Паводле У. Караткевіча