Па краі неба ўсё шырэй і шырэй расцякалася пунсовая палоска. Здавалася, што чыясьці нябачная рука несла за лесам чырвонае палотнішча, а яно струменілася ў сваім палёце, развяваючыся ўшыр і ўглыб.
Неўзабаве ўзышло сонца. Патокі святла залілі паплавы і палеткі, заіскрыліся на мокрых, абмытых дажджом травах, у глянцаватым лісці бяроз і ў свежай зеляніне маладых садоў. Усюды клубіліся, як лёгкія белапенныя воблакі, кусты квітнеючай чаромхі: па зялёных касагорах, над шырокай ракой, над азёрамі і сажалкамі. Як бязмежнае мора, хваляваліся аж да небакраю калгасныя пасевы. То тут, то там праплывалі рады новых будынкаў, уздоўж якіх крочылі слупы электраліній. І ў полі, і ў вёсках, і на чыгуначнай станцыі – усюды было людна.
Хто не ведае, як б’ецца сэрца, як сціскаецца яно ад хвалявання, калі праз шмат гадоў раптам убачыш мясціны, з якімі звязана тваё жыццё! Ураз нахлынуць успаміны з былога, выплывуць вобразы ранейшых сяброў, перад вачыма паўстане ўсё, што было дорага сэрцу, з чым зрадніўся навек.
(153 словы)
Паводле А. Зінькевіча
Похожие статьи:
Якуб Колас → Якуб Колас - Раніца вясною
Пераказы → Вясновая раніца
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Летняя раніца
Пераказы → Раніцою
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...