Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ракі

   Лета. Раніца. Іду з вудаю па высокім беразе Случы. Дыхаю, слухаю, гляджу. Каля вады, пад густым лазовым карчом, сядзіць дзед. Побач – кошык, у якім небагаты ўлоў: акунькі, плотачкі, а па іх поўзае вясёлы рак, прыгожы, зеленаватага колеру.
   Я спыніўся. Да чаго сімпатычны малюнак! Раніца, сонца, раса блішчыць, хваля ў беражок б’е, рачной вадой пахне. I гэты дзед пад карчом такі каларытны: у паласатых штанах, у саматканай кашулі, у старэнькім саламяным капелюшы, у лапцях.
   Раптам захацелася і мне абуцца ў лапці, насунуць на галаву капялюш, легчы пад раскідзісты лазовы корч. А галоўнае – таксама злавіць рака. I абавязкова паспытаць яго. Справа ў тым, што ў свае васямнаццаць гадоў я не толькі ні разу не лавіў ракаў на вуду, але яшчэ ніколі ў жыцці не еў іх, толькі чуў, якія яны, вараныя, смачныя.
   Месца знайшлося каля затокі, няўдалае, нізкае. Побач кусты – лёску парвеш абавязкова. Затое вада тут спакойная, чыстая, дно свеціцца, і рыбакоў паблізу няма.
   Не паспеў мой чарвяк апусціцца на дно, як паплавок павяло. Калі хто-небудзь з вас лавіў ракаў на вуду, то ведае, як яно бывае. Неверагоднае супраціўленне, нібы корч падчапіў, і раптам вылятае з вады растапыранае чорнае страшыдла! Пакуль ляціць, трапечацца ў паветры, лупіць сябе хвастом па жываце, і гук гэты разносіцца ў ранішняй цішы па ўсёй рэчцы!
   Я выцягнуў не чыстага і вясёлага, як у дзеда, рака, а чорнага і агрэсіўнага. I адразу пачаў піхаць яму ў клюшню палец. Раптам мне здалося, што два вастрэнныя цвічкі ўпіліся да самай косткі. Крывішча! Трасучы рукою, сяк-так рака ад пальца адарваў і запіхнуў у цэлафанавы пакет. Кроў, што сачылася з дзвюх сініх дзірачак-ранак, высмактаў і супакоіўся. Стаў лавіць ракаў далей.
   У празрыстай вадзе добра бачна было, як рак бокам, спярша асцярожна, а потым смялей падпаўзае да лёскі, як дзелавіта, нібы дзядзька, што змотвае на руку вяроўку, пачынае перабіраць яе, падцягваць бліжэй жаданы ласунак. Затым дзвюма клюшнямі прагна хапае чарвяка з кручком і запіхвае ў рот. Праз імгненне рак ужо не разумее, як гэта маленькі чарвячок аказаўся такі дужы. Куды яго, няшчаснага рака, так упарта і бязлітасна валачэ? I вось замест роднай стыхіі – спёка, трава, цесны цэлафан і таварышы па няшчасці.
   Я выцягваў аднаго за адным вялікіх і малых ракаў і пускаў іх, не гледзячы, у пакет, прытоплены ў вадзе. Калі ж захацеў паглядзець, колькі ўжо злавіў штук, выцягнуў пусты пакет. Ракі лёгка распаролі цэлафан клюшнямі і паўцякалі.
   Спачатку мне стала крыўдна. Думкі розныя палезлі ў галаву. Маўляў, вось яна, жыццёвая несправядлівасць! I што ж гэта я такі няўдачлівы!
   Ды вельмі хутка, яшчэ калі змотваў вуду, дайшло: пашанцавала мне злавіць нешта куды большае, чым ракаў. «Вывудзіў» я летнюю раніцу, бляск сонечнага промня ў кроплі расы, дзеда з кошыкам, пах рачной вады, лопанне хваста па жываце. А галоўнае – мне ўдалося злавіць і зафіксаваць успамін!
(451 слова)

Паводле А. Федарэнкі.

Похожие статьи:

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Падслуханая казка

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Бляха

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Пеля

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Шчарбаты талер

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы