Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Разбойнік
Бярозы першыя сярод дрэў ціха пачынаюць скідаць на пабурэлую траву залатое лісце.
Сонечны дзень. Ветру няма. Адрываецца сам па сабе лісток ад галінкі, павольна падае ўніз. Жнівеньскія дні цёплыя, часам нават гарачыя. Вечары росныя, ночы светлыя, а ранкі срэбныя ад расы. Гэта той час, калі толькі-толькі пачынаецца лістапад і добра растуць грыбы. Грыбнікі бягуць у лес на самым досвітку. Хто ходзіць па лесе вельмі хутка і цікавіцца толькі грыбамі, нічога не заўважае. А той, хто ў густых маладых сасонніках ці ельніках, збіраючы маслякі і падасінавікі, рухаецца ціха і непрыкметна, не робіць рэзкіх рухаў, абавязкова ўбачыць малінавак. I ранкам, і ўдзень, і надвячоркам яны побач з грыбніком.
Малінаўка – птушка невялікая, у шэра-аліўкавым убранні, з аранжава-чырвоным фартушком на грудках. Дзюбка ў яе невялікая, хвосцік даўгаваценькі. Птушкі раз-пораз нахіляюць галоўкі, нібыта кланяюцца грыбніку. Асабліва надвячоркам у густым маладым ельніку, куды не трапляюць апошнія промні сонца, дзе пануе ўжо змрок і таямнічая прыцішанасць, чародка малінавак зусім блізка трымаецца ля чалавека. Здаецца, працягні руку – і возьмеш птушку. У ельніку становіцца ўжо зусім цёмна, а малінаўкі побач, нібыта не хочуць развітвацца.
Гэта маладыя птушачкі, маладыя і даверлівыя. А дарослыя малінаўкі трымаюцца далей ад чалавека.
Калі малінаўка спявае звонкую песню, яна сядзіць на вершаліне высокага дрэва. Хочаш слухаць – калі ласка, слухай, але толькі здалёк.
Мне хацелася паназіраць за малінаўкамі каля гнязда. Але ўсё ніяк не шанцавала: не ўдавалася яго знайсці. I вось нарэшце ўдача.
Каля разбуранага ваеннага акопа ў сасновым бары амаль на голым пяску, прысыпаным ігліцай, расце шырокі малінавы куст. Вершалінкі сцяблін гнуцца, звісаюць, дастаюць да зямлі. Пад кустом, нібы пад невялікім шатром, заўсёды цень. Направа і налева ад куста жоўтую пясчаную сценку акопа прыкрываюць доўгія абвіслыя пасмы зялёнай травы.
Аднаго разу надвячоркам я прыпыніўся каля малінавага куста: мяне здзівіла, што чмялі так позна збіралі мёд. I раптам у кусце заўважыў малінаўку. Яна трымала ў дзюбе сухі лісток. Адразу здагадаўся: малінаўка робіць гняздо. Прытаіўся за сасною. Птушка пырхнула пад пасмы травы каля самага куста.
Некалькі дзён надвячоркамі я назіраў, як адна птушка носіць у дзюбе сухія травінкі, лісцікі, а другая на вершаліне сасны, асветленай апошнімі промнямі сонца, заліваецца звонкімі песнямі.
Праз тыдзень у гняздзе ляжала пяць жаўтаватых з кропкамі яек.
Наведваўся я да птушак і ў час наседжвання. Малінаўкі прывыклі да мяне. Калі я нават падыходзіў да гнязда і зблізку разглядаў птушку, яна мацней прыціскалася да яек, але не ўзлятала. Аднаго разу вывеліся малыя: чацвёра сляпенькіх, бездапаможных птушанят.
Я падрыхтаваў фотаапарат, каб зрабіць здымкі, як малінаўкі кормяць сваіх птушанят. Прыйшоў назаўтра, глянуў у гняздо, а яно пустое. Нейкая крыўда ўзяла: ішоў да старых знаёмых, а яны пакінулі сваю хату.
Сеў пад сасною непадалёку ад акопа і задумаўся: што ж сталася з птушанятамі, з малінаўкамі, куды яны падзеліся? Было вельмі шкада, што яны так нечакана зніклі.
Раптам я адчуў, што нехта за мною назірае. Узняў галаву: якраз над гняздом малінавак сядзеў рыжы кот-бадзяга і не зводзіў з мяне вачэй.
Мяне разабрала злосць, але пад рукамі нічога не было. Кот быццам адчуў гэта, бо пагардліва павярнуўся і пайшоў прэч.
(492 словы)
Паводле З. Бяспалага.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сіла зямлі
Пераказы, дыктанты → Неспадзяваная сустрэча