Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Півоня

   У сямнаццатым стагоддзі адзін японскі паэт убачыў півоню з малочна-белымі язычкамі пялёсткаў. Заўважыў, як з самага сэрца кветкі з вялікай неахвотай выпаўзала бурштынавая пчала. Паэт напісаў хайку – верш з сямнаццаці складоў. Півоня і пчала зрабіліся бессмяротным трохрадкоўем.
   Кітайскі мастак шмат разоў маляваў півоні на бамбукавай і рысавай паперы. Рознакаляровыя кветкі здаваліся вільготнымі і духмянымі. У канцы свайго доўгага жыцця мастак напісаў залаціста-ружовую півоню з ярка-блакітнымі лістамі. Ён кепска бачыў, але здолеў лічанымі ўзмахамі пэндзля перанесці на паперу хараство кветкі.
   Беларускі мастак-самавук Барыс Сыса верш японскага паэта пра півоню і пчалу не чытаў і не чуў, акварэльных кветак кітайскага мастака, магчыма, ніколі не бачыў. Але яго партрэты гваздзікоў, вяргіняў, півоняў апякаюць зрок, застаюцца ў памяці. Гледзячы на іх, захапляешся яркай чырванню, блакітам, сінечай і ўяўляеш штыкетнік палісадніку, лета, пчол і пахі, салодкія салодкія.
   Руплівасць, стараннасць і талент мастака з Давыд-Гарадка дадалі прыгажосці на белым свеце.
(144 словы)

Паводле У. Сцяпана