Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пытанне

   Вайна не шкадавала нікога. У яе пражорлівым полымі загінулі мільёны людзей...
   За пасляваенныя дзесяцігоддзі да тых загінуўшых мільёнаў далучыліся і працягваюць далучацца новыя мільёны ненароджаных людзей, якія застаюцца ўмоўнымі неадушаўлёнымі лічбамі, няздольнымі прадоўжыць род чалавечы. Лік ненароджаных, а значыцца, забітых, павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі, – канца гэтаму не будзе. Вось што такое вайна...
   Усе гады свайго жыцця я шукаў адказ на адно пякучае пытанне: чаму нас, карпілаўцаў, немцы сагналі ў калгасны свіран, каб спаліць, як спалілі Лясіны з іх ста дваццаццю сем’ямі, але ў апошні момант прапусцілі скрозь рады кулямётаў і далі магчымасць пайсці ў лясы? Вёску спалілі, а людзей выпусцілі... Чаму пашкадавалі?
   Вёска знаходзілася ў зоне актыўных партызанскіх дзеянняў, партызаны былі частымі «гасцямі» ў Карпілаўцы, мама нават выконвала іх заказ – пякла хлеб. Можа, немцы пра гэта прама і не ведалі, але, пэўна, здагадваліся, бо вёску проста так не спалілі б. Не ведалі немцы і таго, што старэйшы мой брат Коля партызаніў у гэтых мясцінах. Немцы палілі ў нашай мясцовасці вёскі з людзьмі «гуляючы ». Толькі пачуюць, што партызаны наведалі якую-небудзь вёску, – палілі яе з людзьмі без разбору. Што ўжо казаць пра нашу, з якой, як я ўжо казаў, партызаны «не вылазілі»!
   Доўгі час нашай выратавальніцай я лічыў настаўніцу Марыю Аляксандраўну Васілевіч, аднавяскоўку. Многа разоў гутарыў з ёй пасля вайны, гутарыў з многімі людзьмі – сведкамі тых падзей, але не ўсё, як кажуць, стыкавалася, нечага ці некага ў той дзеі не хапала – не хапала галоўнай дзеючай асобы.
   I вось зусім нядаўна даведаўся пра наступнае: аднекуль у немцаў-карнікаў, што «прасейвалі» нашу акругу, з’явіўся новы перакладчык. Хударлявы, валасы прамыя, светла-русыя, амаль белыя, зачэсаныя назад. Хто ён быў і адкуль – невядома. Як яго прозвішча – невядома. Нічога пра яго невядома. Прасачыўся паміж людзей слых, быццам ён недзе некаму шапнуў: «Пакуль я ў немцаў перакладчыкам – людзі гарэць не будуць».
   Гаварыў ён так ці не – таксама невядома. Але людзі сапраўды перасталі гарэць. Тое, што гэты знешне непрыкметны чалавек быў з немцамі ў Карпілаўцы, калі вырашаўся наш лёс, – гэта так.
   Вось і ўсе звесткі пра гэтага таямнічага незнаёмца. Ёсць яшчэ адна – несуцяшальная і сумная: неўзабаве немцы павесілі яго ў Заслаўі. Потым лёталі па вёсках на конях прадстаўнікі партызанскай брыгады – усё пыталіся, можа, хоць хто, хоць што ведае пра таго чалавека... Так ён і пайшоў з жыцця невядомым і, магчыма, гераічным. Не выключана, што яму (і хутчэй за ўсё яму!) я абавязаны сваім выратаваным жыццём.
   Нізка схіляюся перад ім за тое, што разам з узнятым попелам ад спаленых карпілаўскіх хатаў не было майго попелу...
(402 словы)

Паводле С. Давідовіча.

Похожие статьи:

ПераказыНебяспечная дрыгва

ПераказыПадарунак

ПераказыГрупавы заплыў

ПераказыМядовае знаёмства

ПераказыПажачкі