Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыкрасць

   Яна прыходзіла да нас заўсёды на другі дзень майго прыезду ў вёску. Садзілася ля стала на лаўку, цяжка ўздыхала і, з надзеяй пазіраючы на мяне, пыталася, ці не пачуў я чаго пра яе сына. Каб вы толькі ведалі, як няёмка было мне перад гэтай старой! Я гатовы быў праваліцца скрозь зямлю, абы толькі не бачыць яе, абы не чуць кожны раз аднаго і таго ж пытання. Сына яе, пятнаццацігадовага Міцю, у час вайны вывезлі ў Нямеччыну, і ён адтуль не вярнуўся. Старая аднекуль узяла сабе ў галаву, што я працую ў вялікім горадзе і, калі захачу, магу даведацца, дзе цяпер яе сын. Што ён жывы, яна ў гэтым аніколечкі не сумнявалася. І аднаго ніяк не магла зразумець: чаму ён маўчыць, не дае аб сабе нікому почуту.
   – Нешта замінае яму, інакш ён адазваўся б, – звычайна казала яна.
   Я, вядома, з дарагой душой быў бы рад памагчы, але, як на зло, як толькі выязджаў з вёскі, у штодзённай мітусні і клопаце забываўся на просьбу старой...
   Так было некалькі год. І вось, прыехаўшы зноў дадому, я на другі ж дзень адчуў, што адпачынак мой ідзе не так, як усе ранейшыя леты, што мне нешта рупіць, нечага не хапае. Я блукаў па знаёмых з маленства мясцінах, гутарыў з бацькамі, знаёмымі, сябрамі і ўсё роўна адчуваў на душы нейкі неспакой.
   І аднойчы я здагадаўся, у чым прычына такога майго настрою: ды гэта ж да мяне не прыйшла тая бабулька, што прыходзіла заўсёды. Я спытаўся ў маці, што са старою, чаму яна, як бывала, не наведалася да нас. І пачуў: яе няма ўжо на белым свеце ... І амаль у тую ж хвіліну я падумаў, што ў нечым вельмі вінаваты перад гэтай бабулькай. І гэтага ўжо нельга нічым паправіць.
   У горад я паехаў з прыкрасцю на душы. І яна, гэтая прыкрасць, не пакінула мяне ні праз дзень, ні праз два. Не пакідае і сёння.
(309 слоў)

Паводле Б. Сачанкі