Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыгажуня

   Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе. Не бачылі яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкую празрыста-зялёную сукенку з кволых лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма. Ніхто не звяртаў на яе ўвагі, мылі, песцілі яе толькі цёплыя дажджы, ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі.
   І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела яркім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»
   Як тая рабіна, цвіла ў гэта лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце – у самай красе дзяўчына. Калі толькі вырасла?
   Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто ведаў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Яна хадзіла стрымана і паважна. Нават смяялася цяпер яна інакш – смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім як бы штосьці таілася. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя. Увесь час блішчэла ў іх, ззяла неўціханае хваляванне. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць і весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер і насмешка. У цудоўных вішнёва-чорных вачах дзяўчыны нешта таілася.
   Амаль усе аднавяскоўцы заўважылі, што, набыўшы паважнасці, Ганна разам з тым стала і больш неспакойнай, аж залішне задзірыстай. Нікому ў Куранях не даспадобы была і яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна, здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае меркаванні, свой цвёрды погляд.
(294 словы)

 

Паводле І. Мележа

 

Похожие статьи:

Алесь ПісьмянкоўАлесь Пісьмянкоў - Рабіна над вірам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Пасадзіце рабінку

Яўген КрупенькаЯўген Крупенька - Рабінка

ПераказыПрыгажуня рабіна

ПераказыРабіна