Чаму грыб называюць польскім? У часы Рэчы Паспалітай, калі ў адну дзяржаву аб’ядналіся Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае, на нашых землях падчас сумесных баляў падавалі да стала стравы з гэтага грыба. Беларусы хацелі зрабіць прыемнае палякам і паказаць, што добра ведаюць схільнасці суседзяў. Да таго часу ў беларускай кухні польскі грыб не карыстаўся вялікай павагай. А вось палякі яго высока цанілі з даўніх часоў. Таму гэты грыб у Беларусі і стаў называцца польскім. А ў Польшчы яго называюць панскім грыбам.
Польскі грыб сваёй паставай нагадвае заможнага вяльможу. Шапачка ў яго цёмна-каштанавая, колеру горкага шакаладу. У сырое надвор’е яна бліскучая, а ў сухое матавая. Ножка цыліндрычная, пад шапкай жоўценькая, у сярэдняй частцы светла-рудая.
Малады польскі грыбок – копія дарослага грыба ў мініяцюры. Шапачка яго адразу раскрыта, не прыціснута да ножкі. Маленькі грыбок трэба браць вельмі акуратна, таму што яго ножка слаба злучана з шапачкай.
Польскія грыбы могуць даваць ураджаі да позняй восені. Звычайна яны растуць у сасняках. Але можна сустрэць іх і ў зялёным моху ельніку, і па суседстве з дубам.
(172 словы)
(Паводле Я. Шапаравай)
Похожие статьи:
Пераказы → Грыбныя дажджы
Пераказы → Баравічкі
Пераказы → Настасін гай
Пераказы → Грыбы ў павер’ях
Пераказы → Веснавыя грыбы