Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Позняе лета

   Сіні чысты купал неба абдымаў спрадвечна плодную зямлю, што зрадзіла, выспеліла ўсё і, аддаўшы свой плён, зараз зморана адпачывала ў сонным цяпле позняга лета. Дзе-нідзе бялеў авёс і цвіў яшчэ не заараны пад новае жыта сіні высокі лубін. На межах ды палявых дарогах, улёгшыся ў карычневым быльніку і сівым пахучым палыне, грэлі свае бакі старыя камяні. І калматыя межы, і зямля пахлі гаркаватым палыном і палеглай ужо чырванавата-рудою травою. Толькі пакалыхваў марнымі белымі кветачкамі бязлісты сухотнік ды стракацеў ужо трохі згаслымі кругленькімі шчоткамі перастаялы крываўнік.
   Знябыўшыся па восені, усё замірала і сцішвалася ў вялікім неразгаданым спакоі, чакаючы яе. А ў сінім чыстым небе плаўна і няспешна кружыліся, плылі адзін за адным, распасцёршы тугія і шырокія крылы, што здаваліся цёмнымі з зямлі, белыя буслы. Здавалася, што гэтаму ціхаму і бясконцаму лёту не будзе канца. Усё меншаў, аддаляючыся ў глыбокае неба, павольны бусліны круг, рабіліся малымі буслы, што ўсё плылі, не збіваючыся са сваіх пазначаных дарог у гэтым крузе.
(157 слоў)

Паводле В. Адамчыка

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШчаслівая ўсмешка лета

Якуб КоласЯкуб Колас - Лета

Якуб КоласЯкуб Колас - Летам

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Лета

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...