Дыхнула вясна – зямля стала вясёлая.
У прагным жаданні парыліся ўзгоркі, лагчыны купаліся ў тумане. І гулкая ні то цішыня шырокіх размахаў, ні то песня веснавой вясёлай журбы плыла над зямлёй: зямля чакала часу ўзняць сабраныя сілы сваёй творчай здольнасці і ў лагчынах драмала пад сонцам, драмала з подыхам шырокім сіняму небу.
Ночы былі зычныя, далёка-гулкія і пахлі вадою: вады на зямлі было многа.
Як чакала зямля людзей у свае палявыя палосы, таксама і людзі чакалі зямлю. Чакалі яе, падсохлую, новую. Чакалі працы паржавелыя за зіму плугі і бароны.
І яшчэ чакалі вясну людзі: прычакаўшы вясны адной, чакалі другой. Зямля была яшчэ чорная, лясы былі сінія: гэта пара ад зямлі агортвала іх, яны ж агортвалі сабой людзей. Ды яшчэ ці мала людзей хадзіла па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Гэта вясна дазволіла ім пакінуць вёскі. Прапахлі людзі гэтыя вільгаццю веснавой зямлі, вясёлымі мхамі. І начамі цягнуліся вясновыя гукі па родных мясцінах. І былі гэтыя гукі надзвычай гулкімі і па-вясноваму звонкімі. А людзі чакалі вясну.
(169 слоў)
Паводле К. Чорнага
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Гуканне вясны
Пераказы, дыктанты → Сустрэча вясны
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Пераказы, дыктанты → Прыход вясны
Пераказы, дыктанты → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)