Былі пагодныя дні. З сонцам ад ранку да вечара, з сінім небам. Днём яшчэ было цёпла, а пад вечар апусцелая, няласкавая зямля стыла на холадзе. Пад поўнач бяліў яе іней. Раніцай і трава каля платоў, і палі, і стрэхі – усё было па-зімоваму белае. Калі ўздымалася сонца, ад інею заставаліся толькі цемнаватыя плямы вільгаці. Неўзабаве знікалі і яны. Іней трымаўся яшчэ ў цяні дрэў і хат, пакуль сонечная цеплыня не дабіралася і сюды. Неба гэтымі днямі сінела, станавілася чыстае і глыбокае. Яно не было цяпер такое, як раней, часта атульвала яго белаватая смуга. Сонца таксама было іншае. Яно грэла мала, але лагодна і пяшчотна.
У лагодным сонечным святле гарэлі полымем ліпы і бярозы каля хат, дрэвы ў недалёкім лесе. Як сівізна, бялела ўсюды павуціна. Яна вісела ў паветры, абчэплівала павялы і пасохлы бульбоўнік, слупы і жэрдкі вакол агародаў, пажоўклыя кусты.
Усё агортваў спакойны смутак развітання з цяплом, з летам.
(148 слоў)
Паводле І. Мележа
Похожие статьи:
Іван Мележ → Іван Мележ - Першы іней