Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першая касьба

   Стрыножыўшы каня, Васіль пусціў яго пасвіцца, вярнуўся да калёс і выцягнуў касу. Ён развязаў анучку, абгорнутую вакол нажа касы і, лёгка ўскінуўшы кассё на плячо, перапоўнены гонарам, пайшоў да сенажаці.
   Праўду кажуць, што касіць – справа не абы-якая, мужчынская справа. Тут трэба і сіла, і спрыт. Але ў Васіля ўсё гэтае ёсць. Ладна шыркае яго каса, кладзецца рад.
   Ён адчуваў, што ззаду стаіць маці, пазірае ўслед, ласкавая і гордая, і ад гэтага ў руках і нагах сілы быццам большала. Пот мачыў валасы, поўз на абпалены сонцам лоб, засцілаў вочы, прыклейваў да спіны змакрэлую сарочку.
   Каса станавілася ўсё цяжэйшая. Рукі наліваліся стомаю, балелі ў локцях і плячах. Вельмі хацелася сесці. З цягам часу жаданне гэтае не адыходзіла, а ўсё мацнела. Але Васіль не сеў – ён трываў. Гэта было не ў навіну – цярпець, адольваць стому, адганяць прываблівую спакусу пагуляць, паленавацца.
   Толькі калі знямогся зусім, калі дрыготкія бяссільныя рукі апусцілі страшэнна важкую касу і не маглі ўжо скрануць, ён падаўся да воза. Ішоў важна, павольна, цягнучы ногі, што хлюпалі ў вадзе. З выгляду гэта быў падлетак, худы, даўгарукі, а па хадзе, па прыгорбленай постаці – мужчына.
   Васіль ішоў напіцца. Маці ўжо зграбала скошаную траву, абярэмкамі на граблях зносіла на сухое. З травы цякла вада, маці старалася трымаць яе далей перад сабою. Кінуўшы абярэмак, яна зірнула на яго: «Перадыхні, паляжы вунь там, у цяньку».
(220 слоў)

Паводле І. Мележа