Мінулі грамніцы – падаўжэў слепаваты зімовы дзень. Зіма павярнулася на вясну. Перапальваючы чорнае галлё дрэў, ужо на другі бок Верасава вялікім чырвоным векам выкочвалася сонца, хадзіла вышэй у небе, не заглядваючы ў далёкія куткі верасаўскіх хат. Расплавіўшы снег, падпарвала мокрыя саламяныя стрэхі. З капяжоў звісалі густыя восці ледзяных, вытачаных, нібы верацёны, таўкачоў. Пацеў, абліваючыся расою, наздраваты снег. На аселых курганах, пад дзіравымі карункамі лёду дрыжала і налівалася белаватымі перламутравымі гузічкамі вада.
Адбіваючыся ад снегу, рэзала ў вочы сляпучая яснасць. Ачысціўшыся ад лёду, у хатах сохлі і сівелі ад закурэлага бруду вокны.
Учуўшы цяпло і акрыяўшы, у бутэльках з вадою, што стаялі на стале, распускаліся растапыраныя лапкі бярэзніку, з зярняткаў пупышак лезлі карабатыя смолкія лісткі.
Сярод хаты, чапляючыся доўгімі крыламі за косы слупок сонца, у якім вірыў пыл, вішчала, прымацаваная да бэлькі, тачылася ў гліняны ток сноўніца. Папіхаючы адною рукою, другою дзяўчына вяла па ёй зверху ўніз і знізу ўверх выфарбаваную нітку.
Адсунуўшыся далей ад акна, ад сонца, што ўжо напякло ў плечы, на лаве пасопвалі, сагнуўшыся над хамутом, мужчыны, аглядалі вупраж, гатаваліся да блізкае вясны.
Там-сям у адчыненых насцеж гумнах быў чуваць адзінокі ляск і грук цэпа: нехта яшчэ дамалочваў насенны хрумсткі лубін. Яго, не баючыся, што сточаць мышы, верасаўцы пакідалі на астатнюю пару малацьбы.
На шырокім пляцы перад хлявом храпла, задзірала галаву, фыркала, як перад доўгай дарогай, ідучы рыссю па крузе, маладая танклявая жарабіца. Пад капытамі шахкаў сыры, сцукраваны снег.
Шахкалі па сцукраваным, падточаным сонцам снезе, шмыгалі з хаты ў хату, каб зірнуць, хто ў які колер фарбуе, а хто ўжо і снуе на кросны пражу, верасаўскія маладзіцы і дзеўкі.
(260 слоў)
Паводле В. Адамчыка
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Пераказы, дыктанты → Сустрэча вясны
Пераказы, дыктанты → Прыход вясны
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Пераказы, дыктанты → Гуканне вясны