Адвеку самай мірнай лічыцца праца хлебароба. Але як часта прыпынялі гэтую пачэсную працу войны! Калі вораг ідзе на Беларусь, адрываецца селянін ад сахі, бярэ ў рукі зброю – бароніць Бацькаўшчыну.
Сярэдзіна лета прыносіць вялікую спёку. Пыл курыцца да неба. Ляціць па дарозе, як вецер, вершнік. Спяшаецца, б’е каня па баках. Хрыпіць конь, іржэ, пенаю пырскае. Падлятае да Берасця, хаваецца ў расчыненай браме.
Што ў ягоных руках? Вянок з лазы! Ведаюць гараджане, што гэты знак азначае: «Вайна! Зноў вайна ідзе!»
– З кім біцца? Хто да нас цяпер завітаў?
– Крыжакі! Крыжакі! – крычыць княжацкі пасланец і гоніць далей свайго каня.
Моцныя сілы трэба, каб спыніць крыжацкую навалу. На чале нашага войска сам вялікі князь Вітаўт. Яму на дапамогу спяшаюцца ваяры з усёй Беларусі.
15 ліпеня 1410 года сустрэліся два вялікія войскі пад Грунвальдам (на поўначы Польшчы). Пачалася бітва крывавая ды ўпартая. Гул яе чуваць за некалькі кіламетраў. Воін ідзе на воіна. Звіняць мячы. Трашчаць і ламаюцца шчыты. Ідзе бітва не на жыццё, а на смерць…
Палову дня б’юцца праціўнікі. Дрыжыць зямля. Хіліцца гарачае сонца долу. Вось не вытрымалі крыжакі ўдару. Бягуць! Кідаюць зброю. Зламаўся крыжацкі меч аб нашы шчыты! Перамога!
Здабылі нашы продкі на полі Грунвальда сабе славу і незалежнасць. Вяртаецца хлебароб дамоў, бо спелае збожжа чакае гаспадара. Ён для сваёй зямлі выратавальнік. Ён на ёй працаўнік, сейбіт, хлебароб.
Зразумелі крыжакі навуку, атрыманую пад Грунвальдам. Пяць стагоддзяў не ступала нага ўзброенага германскага воіна на беларускую зямлю.
(234 словы)
(А. Бензярук)
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Грунвальд