Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Паданне пра Агінскага
У канцы 1871 года рускі мастак Рэпін пісаў вядомаму музычнаму крытыку Стасаву: "Учора я забыўся спытацца, ці ведаеце Вы што-небудзь пра музыканта Агінскага? Імя яго вядома ўсёй Расіі, і я чуў вальс і паланэз яго сачынення; і нават паданне пра яго рамантычную смерць; а між іншым, музыканты, якіх я пытаўся, гавораць пра яго як пра міфічную істоту".
Сёння я таксама чуў паданне пра Агінскага ад дзядулі на мясцовым рынку. Вось яно:
– Грозны час быў тады. Нядобры. Куды ні кінься, а жыткі не было простаму люду. Глядзеў на ўсё гэта адзін тутэйшы дзяцюк, глядзеў і не вытрымаў – гукнуў-свіснуў хлапцоў сваіх ды кажа: "А давайце, саколікі, бунт учынім, на царовых памагатых навалімся, волю вольную здабудзем і па зямлі ўсёй пусцім..."
Паслухалі яго саколікі, паслухалі ды сказалі: "А праўду кажаш! Вядзі нас вайною на цароў-багацеяў! Вядзі волю вольную ў бойцы здабываць!"
І павёў дзяцюк сваіх саколікаў на вайну вялікую, на вайну справядлівую. Ды ў цароў-багацеяў і яго памагатых болей сілы было. Пабілі яны ўсіх, а галоўнага – дзецюка-сокала – у палон паланілі, рукі-ногі скруцілі ды ў каземат кінулі. І сказалі: "За тое, што ты народ узбунтаваў, не мінуць табе шыбеніцы!"
Ведаў дзяцюк круты нораў цароў, ведаў, што яго заўтра чакае смерць, але не стаў прасіць літасці. Толькі сэрца раптам напоўнілася такім жалем да простых людзей, да родных палёў і лясоў, да лугоў і азёр, да рэк і дарог, што з яго ўзяла ды палілася вялікая музыка – як малітва ўсё роўна, як заклён, як прызнанне ў каханні, як гаючы бальзам. І дзяцюк, каб пакінуць тую музыку іншым, каб яе не забілі разам з ім, парэзаў палец на правай руцэ і перад смерцю на сцяне каземата напісаў ноты яе. "Развітанне з Радзімай" – так назваў тую музыку дзяцюк Агінскі.
Паданні, паданні ... У іх, як звычайна, болей прыгожай выдумкі, чым праўды. А кім у сапраўднасці быў Агінскі? Тут зноў мушу паклікаць на дапамогу ўсёмоглую Кліо – музу гісторыі. Аднойчы ёй даверыўся сам Міхаіл Клеафас Агінскі і ў канцы свайго "Фармулярнага спіса" засведчыў, што ён быў, акрамя ўсяго іншага, удзельнікам паўстання ў Польшчы.
Агінскі тут меў на ўвазе паўстанне 1794 года, якім кіраваў Тадэвуш Касцюшка. Ён адразу ж далучыўся да паўстанцаў і заявіў Нацыянальнаму савету, што "прыносіць у падарунак Радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё". Паведаміў аб гэтым жонцы, адрасуючы ёй пісьмы як "грамадзянцы Ізабеле Агінскай" і замацоўваючы іх, як і іншыя дакументы, пячаткаю, на якой старажытны княжацкі герб замяніў на шчыт з дэвізам: "Свабода, вернасць, незалежнасць".
У адным з пісьмаў ён просіць жонку эканоміць ва ўсім, бо грошы, што засталіся, прызначыў на ўтрыманне воінскай часці, якую сам і ўзначальваў.
Пазней у "Пісьмах пра музыку" (1828 год) ён пісаў: "Я стварыў марш для майго атрада стралкоў са словамі, напісанымі ў адпаведнасці да гэтай музыкі, і з тае пары гэты марш выконваўся ў многіх палках. Я пісаў таксама ваенныя і патрыятычныя песні, якія карысталіся вялікім поспехам, бо выклікалі храбрасць, энергію і энтузіязм маіх таварышаў па зброі".
Кампазітар ствараў папулярныя паланэзы (каля 20), пісаў таксама маршы, вальсы, мазуркі, менуэты, рамансы...
У снежні таго ж 1794 года паўстанне было разгромлена. Паранены Касцюшка трапіў у палон. Агінскі здолеў эмігрыраваць. Вена, Венецыя, Парыж... І ўсюды туга па радзіме.
У 1802 годзе вярнуўся на бацькаўшчыну і жыў у маёнтку Залессе каля Смаргоні. Верны вызваленчым ідэям, Агінскі рашуча стаў на бок рускага народа ў дні вайны 1812 года.
З 1822 і да апошніх дзён жыў у Фларэнцыі. Памёр Агінскі 18 кастрычніка 1833 года, на шэсцьдзесят восьмым годзе жыцця. Грабніца яго потым была перанесена ў старажытны фларэнтыйскі храм Санта Крочэ.
...Там паданне выглядала, як праўда. А тут праўда выглядае, як паданне.
(583 слова)
Паводле Я. Пархуты