Ішлі апошнія дні красавіка. Возера з ранку да позняй ночы гуло песнямі вадзянога птаства.
Максіма возера асабліва вабіла надвячоркам. Прыйшоўшы да лазні, ён сеў на лавачку і ўдыхнуў пахі разнатраўя. Ягоны позірк лашчыла жаўцізна лотаці. Над галавой гулі маёвыя жукі, дзесьці за бярозамі і вербалозамі, на другім беразе затокі, мылі бялізну маладзіцы.
Возера жыло. Насіліся над гладдзю вады чайкі, дзесьці ў чаратах бадзёра пераклікаліся, журбоціліся кнігаўкі. Калі села сонца, дружна закрумкалі жабы. З агародаў, дзе, як аблітыя малаком, цвілі вішні і яблыні, плыла сюды, на бераг, вабная духмянасць. Месяц пазніўся. Над вадою віўся бялявы туман. Нарэшце чырвонай буйной плямай з-за цёмнага лесу паказаўся месяц. Жабы працягвалі свой спеў – то заміралі на нейкія хвіліны, то зноў наперабой крычалі па ўсім доўгім беразе.
Месяц узняўся над лесам, і ягонае празрыстае святло разлілося над ужо суцішанаю вадою. Перад вачыма засерабрылася дарожка. На беразе стала светла, як днём. Толькі ў засені дрэў, якія высіліся абапал завулачка, стаяў чорны цень.
(158 слоў)
Паводле М. Дубоўскага.