Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Нечаканы госць
Варыянт 1 (293 словы)
Старэнькі аўтобусік, пагойдваючыся на ўмёрзлых калдобінах дарогі, паціху аддаляўся ад гарадка. Праз дзве гадзіны Янка выйшаў на патрэбным яму прыпынку і застаўся на дарозе адзін. Адсюль, ад гэтага прыпынку, да невялікай вёсачкі дзядзькі Ігнася чатыры вярсты. Сёння яны з дзядзькам Ігнасем будуць паліць лазню.
Пакуль прыйшоў, добра звечарэла. У хаце гарэў агонь. Янка ўвесь белы, абмецены завірухай, не стукаючыся, адчыніў дзверы.
– Нічога, нічога, – сказаў дзядзька Ігнась і ступіў госцю насустрач, дапамог зняць з плячэй рукзак, бо пальцы таго заледзянелі і не слухаліся.
Калі не будзе зімой бела, то не будзе ўлетку зелена, – гаварыў дзядзька Ігнась, дапамагаючы госцю распранацца. – Думаў, што ўжо і не прыедзеш сёння.
Але нічога, нічога... Самы раз. Праз гадзіну якую і парыцца будзем з табою.
Злёгку перакусіўшы, яны выйшлі з хаты і накіраваліся да лазні. Лазня стаяла за гумном, непадалёку ад лесу. Дзядзька Ігнась, як заўсёды, наперадзе. Каб лішне не таптаць снег, Янка ішоў за ім след у след. Падышлі яны да самай лазні. Дзядзька намацаў рукою выключальнік, пстрыкнуў ім, і яны падаліся ўнутр. Зайшлі – і аслупянелі. Пазіраюць адзін на аднаго – і ні слова. Хочуць нешта сказаць, а языком павярнуць не можа ні адзін, як праглынуў яго ўсё роўна. На шырокім дубовым палку, на тым самым месцы, дзе яны з дзядзькам лупцаваліся бярозавым венікам, цяпер галавой да іх ляжала рысь.
– Ацю! Ацю! – Раптам крыкнуў дзядзька Ігнась і схапіў ля печы палена. Рысь падхапілася на высокія ногі, прыгнулася і скокнула. Янка не паспеў адскочыць убок: моцны ўдар у грудзі паваліў яго на падлогу. Калі крыху ачухаўся, дзядзька Ігнась сказаў: «Прабач, гэта я ва ўсім вінаваты. Вечарам, калі насіў у лазню ваду, забыўся зачыніць дзверы».
– Можа, і рысь папарыцца хацела, – пажартаваў Янка.
Вядомы выпадкі, калі рысь наведвалася нават у гарады, На жаль, яна даўно ўжо рэдкі звер у лясах Беларусі.
Варыянт 2 (160 слоў)
Старэнькі аўтобусік, пагойдваючыся на ўмёрзлых калдобінах дарогі, паціху аддаляўся ад гарадка. Праз дзве гадзіны я выйшаў на патрэбным мне прыпынку і застаўся на дарозе адзін. Адсюль да невялікай вёсачкі дзядзькі Ігнася чатыры вярсты. Сёння з дзядзькам Ігнасем будзем паліць лазню.
Пакуль прыйшоў, добра звечарэла.
Злёгку перакусіўшы, мы выйшлі з хаты і накіраваліся да лазні. Лазня стаяла непадалёку ад лесу. Дзядзька Ігнась, як заўсёды, наперадзе. Падышлі да самай лазні. Дзядзька намацаў рукою выключальнік, пстрыкнуў ім, і мы падаліся ўсярэдзіну. Зайшлі – і аслупянелі. На шырокім дубовым палку, на тым самым месцы, дзе мы з дзядзькам лупцаваліся бярозавым венікам, цяпер ляжала рысь.
– Ацю! – раптам крыкнуў дзядзька Ігнась і схапіў ля печы палена. Рысь падхапілася на высокія ногі, прыгнулася і скокнула... Я не паспеў адскочыць убок: моцны ўдар у грудзі паваліў мяне на падлогу. Калі крыху ачухаўся, дзядзька Ігнась сказаў: «Прабач, гэта я ва ўсім вінаваты. Вечарам, калі насіў у лазню ваду, забыўся зачыніць дзверы».
– Можа, і рысь папарыцца хацела, – пажартаваў я.
Варыянт 3 (115 слоў)
Мяла мяцеліца. Алесь ішоў да дзядзькі Ігнася праз стары лес. Яны збіраліся папарыцца ў лазні.
Раптам сярод дрэў хлопец заўважыў звера з густой, мяккай рыжай поўсцю і цёмнымі плямкамі на спіне і нагах. Ён пазнаў яго па высокіх і дужых нагах, кароткім хвасце, вялікіх вострых вушах з кутасікамі. Гэта была рысь.
Алесь дайшоў хутка. Дзядзька ўжо чакаў, і яны накіраваліся ў лазню. Запалілі святло і аслупянелі. На шырокім палку ляжала рысь. Дзікая кошка падхапілася на высокія ногі, прыгнулася і скокнула. Моцны ўдар у грудзі паваліў Алеся. Калі хлопец ачухаўся, дзядзька сказаў: «Прабач, гэта я насіў у лазню ваду і забыўся зачыніць дзверы. Напэўна, і рысь захацела папарыцца».
Так адбылася сустрэча з нечаканым госцем.
Паводле Я. Галубовіча