Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Непрыемная гісторыя
Палюбі чалавека, зразумей чалавека,
Памажы чалавеку, калі ты чалавек.
Р. Тармола-Мірскі.
Аднойчы на ўроку геаграфіі настаўніца зрабіла Сяргею Васілевічу заўвагу:
– Хіба можна піхаць дзяўчынку? Паглядзі, якая яна прыгожая!
Сяргей кінуў позірк на сваю суседку па парце. I праўда, Наташа Грынкевіч была вельмі прыгожая. Праз тыдзень ён ужо бачыў яе не толькі ў школе, але і ў снах.
Хлопец сяк-так перажыў без яе летнія канікулы, а ў верасні адбылася непрыемная гісторыя ў гардэробе.
Пачатак верасня быў дажджлівым, і нават старшакласнікі хадзілі ў школу ў верхнім адзенні. Наташа другі год насіла сінюю куртачку з капюшонам.
У восьмым класе кожны сам вырашаў, з кім яму сядзець за адной партай. Вядома, Сяргей хацеў бы зноў сядзець з Наташай. Таму знарок зайшоў у клас апошнім з хлопцаў, спадзеючыся, што ўсе да гэтага часу разаб’юцца па парах. Але яго месца ўжо заняла Іра Скакун.
Калі ён праходзіў міма, Наташа ўсміхнулася, і ад гэтага на сэрцы стала хораша. У яго кішэні была жменька карамелек, і спачатку Сяргей думаў проста пачаставаць Наташу. Але, пакуль цягнуўся ўрок, яму ў галаву прыйшла ідэя: ён непрыкметна пакладзе цукеркі ў кішэню яе курткі. Яна знойдзе іх па дарозе дадому і, вядома ж, здагадаецца, хто іх туды паклаў. А заўтра пры сустрэчы яны зноў усміхнуцца адзін аднаму, але больш загадкава, бо цяпер паміж імі будзе адна маленькая таямніца.
На перапынку ён збег з трэцяга паверха ўніз. Узрадаваны, што ў гардэробе нікога не было, знайшоў яе сінюю куртку і сыпануў у кішэню ўсе свае карамелькі. I толькі пасля гэтага падумаў, што адна карамелька была без абгорткі, ад яе можа зліпнуцца кішэня. Ён хутчэй засунуў руку назад, каб дастаць гэту карамельку, але цукерак там не аказалася. У кішэні была досыць вялікая дзірка, якая імгненна праглынула ўсе цукеркі.
I тут за спінай Сяргея з’явілася тэхнічка. Ён быў прыніжаны тым, што тэхнічка палічыла яго злодзеем, які лазіць па чужых кішэнях. Яна пацягнула хлопца да дырэктара.
Дырэктар сядзела за сталом, а побач з ёй стаяла незнаёмая дзяўчына з залацістымі валасамі. Тэхнічка заявіла, што прывяла злодзея. Сяргею трэба было што-небудзь гаварыць, апраўдвацца, але нехта нябачны схапіў яго за горла так моцна, што стала цяжка дыхаць. Хлопец заўважыў на твары незнаёмай дзяўчыны здзіўленне. Ён маўчаў, спадзеючыся, што дырэктар не паверыць тэхнічцы. Але дырэктар сказала, што пагаворыць пра гэта потым, бо зараз пачнецца ўрок.
Другім урокам у восьмым класе была біялогія. Хвіліны праз дзве пасля званка дзверы класа расчыніліся. Дырэктар прадставіла вучням Таццяну Антонаўну, новую настаўніцу біялогіі.
Сяргею хацелася хутчэй даказаць ёй, што ён не такі, як яна пра яго падумала ў кабінеце дырэктара. На кожны ўрок ён прыходзіў старанна падрыхтаваным, але за месяц Таццяна Антонаўна ні разу яго не выклікала. I калі ў адным з кастрычніцкіх нумароў газеты «Піянер Беларусі» надрукавалі цэлую падборку яго вершаў, Сяргей прынёс газету ў школу. Ледзь толькі пачаўся ўрок біялогіі, хлопец разгарнуў газету, стараючыся прыцягнуць да сябе ўвагу настаўніцы. Яна зрабіла Сяргею заўвагу, але праз хвіліну ён зноў стаў шамацець старонкамі. Хлопец чакаў, што на гэты раз Таццяна Антонаўна загадае пакласці газету на яе стол. I Сяргей зробіць гэта з таемнай радасцю, пакладзе газету так, каб настаўніца, кінуўшы на яе свой позірк, адразу ўбачыла яго прозвішча. Аднак Таццяна Антонаўна не заўважала сёння ні яго, ні газеты.
(512 слоў)
Паводле А. Бадака.
Похожие статьи:
Алесь Бадак → Алесь Бадак - Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца
Алесь Бадак → Алесь Бадак - Пагоня
Алесь Бадак → Алесь Бадак - Вецер