Як усё-такі адарваны мы ў горадзе ад прыроды!.. Сядзім у гэтым аднастайна-шэрым, каменным палоне і не бачым ні сонца, ні неба, ні зор. Усё міма нас: і п’янкая квецень садоў, і срэбразвонны гоман крыніц, і чысты спеў птушак.
Ды што там казаць! Снегу і таго як след не бачым. Ледзь выпадзе ён, як адразу ж зграбаюць яго, вывозяць хутчэй, каб не перашкодзіў гарадскому руху.
Гляджу іншы раз я на гэты стаптаны, брудна-рыжы, перамешаны з пяском снег, і шкада мне яго робіцца. Лішні, непатрэбны ён сярод царства машын і асфальту. А як жа чакаюць, як радуюцца яму ў вёсцы! Там ён – і чароўны ўбор, і вясёлая забава, і незаменны работнік, што клапатліва ўкрывае палі ад лютых маразоў, разгортвае бясконцыя палотны лёгкіх, іскрыстых дарог.
Чаму я так часта – і думкамі, і сэрцам – вяртаюся ў вёску? Напэўна, таму, што там – мае карані, там – свет маіх казак, здзейсненых і няздзейсненых мар. І яшчэ, напэўна, таму, што назаўсёды жывуць у маёй душы, як малітва, саборная цішыня бароў, шэпт спелай збажыны, пах свежага сена, смак глытка крынічнай вады ў спякотлівы дзень. Гэтага нельга зразумець, адчуць кароткімі наездамі, аднадзённымі наскокамі на прыроду. Сярод гэтага трэба жыць!
(Паводле З. Прыгодзіча)
Похожие статьи:
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Вёска
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Раніца ў вёсцы
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Вясковая ідылія
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом