Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На скрыжаванні дарог

   Крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзілі з калясьмі, куды не дабівалася жывёла, дзе не хадзіла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калі завяршыліся і дайшлі да новых сваіх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасці і радасці людзей, з Сумліч да шашы забрукавалі выезд і ў адным месцы клалі мост цераз лог, даволі-такі вялікі. Падымалі насыпам дарогу і зямлю на гэта бралі з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялікага дрэва. Там стварылася вялікая яма і два дугаватыя равы – як дзе капалі.
   З самай вясны тут стаяла вада, і ўвосень таксама. Берагі да вады былі крутыя, да таго ж засталося тут скрозь каменне, кучамі і рассыпанае, і ў гэтым месцы патомства вялікага дрэва за дзесяць год густа ўзялося...
   Над непраходнай расліннасцю ўзнімалася колькі даволі ўжо высокіх таполяў, ужо сапраўдных вялікіх дрэў, а наводдалек, як асілак і аглядальнік на цэлую навакольнасць, узвышалася вялікае дрэва, усёй вышынёй зялёнае і ўпартае ў бесперапынным змаганні з навакольным светам за сваё патомства. Толькі адна адзінюсенькая галіна на ім, пад сярэдзіну яго вышыні, была сухая і вытыркалася з густой зеляніны. Чалавек павінен быў крута закідаць галаву і трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галіну. На ёй нагледзелі сабе месца адпачываць удзень ад клапатлівай стомы палявыя каршачкі і заблудныя здалёку птушкі.
   Гэты куток на скрыжаванні дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа па вялікіх дарогах і ад цяжкіх думак аб невядомасці канца дарогі. Больш як за дзесяць кіламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалі, ці хутка ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вісеў над зямлёю, а вершаліна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьці глыбока і далёка.
(277 слоў)

Паводле К. Чорнага