Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
На першай рэпетыцыі
Пастаноўка «Паўлінкі» драматычным гуртком, якім кіравалі Даніла Платонавіч і Бушыла, атрымала высокую ацэнку на раённым аглядзе школьнай самадзейнасці. Калектыў накіроўваўся на абласную алімпіяду. Але нечакана захварэла выканаўца ролі Паўлінкі – вучаніца дзевятага класа Маша Леванчук. Да алімпіяды Маша, вядома, магла ачуняць, але Даніла Платонавіч, каб не рызыкаваць, вырашыў мець на ўсякі выпадак дублёра, тым больш, што спектаклі прыходзілася даваць часта. I ён прапанаваў гэтую ролю Раі. Прапанаваў наўмысля. Рая з радасцю згадзілася, бо адразу падумала, што гэта паможа ёй зноў зблізіцца з сябрамі па школе, па класе. Два дні да рэпетыцыі з натхненнем і ўздымам вучыла яна ролю. Чытаючы п’есу, яна па-новаму асэнсоўвала яе змест, глыбей і больш усеабдымна, не так павярхоўна, як тады, калі вучылі па праграме. Ёй раптам здалося, што шмат якія пачуцці Паўлінкі нагадваюць яе ўласныя, дарма што ўсё іншае не такое.
Дні да рэпетыцыі прынеслі ёй многа ўцехі, радасці, прыемнага хвалявання і ранейшую самаўпэўненасць. Рэпеціруючы перад люстрам, яна нават аднойчы падумала з гонарам:
«Я вам пакажу, як трэба іграць».
Але ўсё атрымалася інакш: яна правалілася на першай жа рэпетыцыі. Чакаючы Якіма, яна заспявала «Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі», і ўсе – Даніла Платонавіч і выканаўцы – неяк устрапянуліся, і на тварах іх засвяціліся цёплыя ўсмешкі: яна хораша заспявала! Потым з’явіўся Якім – Павел Варанец, той ціхі непрыкметны Пашка, з якога ў класе ўвесь час кпілі, што ён ходзіць на спатканне за васемнаццаць кіламетраў. Ён сказаў першыя словы, сказаў так проста, звычайна, што Рая, ведаючы на памяць сваю ролю, разгубілася і не магла яму адказаць. Суфлёр падказаў, яна паўтарыла за ім без ігры, потым паўтарыла так, як іграла дома, перад люстрам. Даніла Платонавіч узняў рукі, каб спыніліся, і растлумачыў спакойна, як на ўроку:
– Рая, ты кахаеш гэтага чалавека. Ты моцна кахаеш Якіма. Успомні: «Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны». Ты з трывогай чакала яго... Не дэкламуй... Гавары так, як ты сказала б каханаму ў жыцці. Забудзь, што ты на сцэне.
Яна засаромелася ад гэтых слоў, але ўбачыла, што іншыя выканаўцы прынялі іх як зусім звычайнае рэжысёрскае тлумачэнне.
Яна паспрабавала выканаць гэтую параду. Не, не так, не тое. Якім яе кахае, а яна – не, у яе словах няма кахання, хоць яна і паўтарае іх даволі ўзнёсла.
Яна ўбачыла, што Павел нервуецца, злуе, а іншыя выканаўцы стаялі, апусціўшы вочы, быццам адчувалі нейкую няёмкасць. Даніла Платонавіч суцяшаў не яе, а, здаецца, іх:
– Нічога, нічога. Гэта самая цяжкая сцэна. Нішто не даецца адразу. Папрацуем – і будуць вынікі. Галоўнае – працаваць...
«Няўжо я такая бяздарная?» – раптам з жудасцю, ад якой выступіў халодны пот, падумала Раіса.
Яна амаль пераканалася ў гэтым, калі паслухала, як рэпеціруюць яе сяброўкі – выканаўцы роляў Агаты, Альжбеты, але гонар усё яшчэ не дазваляў прызнаць сваё паражэнне.
«Не, ім лягчэй, у іх іншыя ролі, прасцейшыя. Ды й іграюць яны соты раз. Галоўнае – праца, нічога не даецца без працы», – паўтарыла яна словы Данілы Платонавіча.
(458 слоў)
Паводле І. Шамякіна.
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Непаўторная вясна
Іван Шамякін → Адказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"