Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На беразе возера

   Паўднёвы бераг затокі пакрыты вечна сасновым шумам.
   Хораша тут, калі бывае час палюбавацца!
   Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле, а над верасам – таксама ў сонцы – густа высяцца гонкія сосны. Добра ўзняць галаву, палюбавацца на іх шэра-зялёныя, са стальным адлівам, кучаравыя верхавіны на фоне цёплага блакіту і галубіных воблакаў. Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства. Адну за адной, нястомна і радасна, ціха і мудра, як гэта можа добра пагодлівая старасць. Возера сёння маўчыць. Каля нізкага берага ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Чайкі гуляюць над люстраной вадою, пікіруючы на спажыву, або садзяцца на вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імі затупаны і пацярушаны пер’ем. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее разбітая лодка. Па рыбацкім звычаі лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігае апошняя бяда.
   Далей на поўдзень – абрывісты бераг. Высокі, амаль з марской галькай унізе, з мыльным намывам пены. Вада дні і ночы гадамі падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца, здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа выйшлі тут на край абрыву. Яны адчайна чапляюцца за абрыў, а потым усё ж такі падаюць.
   А наверсе па-ранейшаму патрэскваюць пад нагамі дробнае сучча і старыя хрусткія шышкі. Паглядваюць мілымі вочкамі кветкі браткі. Час ад часу ў вершняку перасвістваюцца каршуны, і ніяк не падыходзіць ім іхні свіст, зусім не маладзецкі і не грозны.
   Вельмі прыемна бывае, калі ў гэтую дзіч з маляўнічай дарожкай, што пятляе паблізу ад берага, калі ў гэтую раскошную глухамань урэжацца раптам клін духмянага жыта або квітнеючай бульбы. Знак таго, што і тут пагаспадарыў чалавек.

(253 словы)

 

Паводле Я. Брыля

 

Похожие статьи:

ПераказыСвіцязь

ПераказыНавальніца на возеры

ПераказыНа беразе Нарачы

ПераказыСамае глыбокае возера

ПераказыЛясное возера