Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм"

   Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" з’яўляецца адной з вядучых студый ва Усходняй Еўропе. Кінастудыя знаходзіцца у маляўнічай частцы Мінска, каля галоўнай магістралі сталіцы праспекта Незалежнасці.
   На дванаццаці гектарах зямлі размешчаны комплекс з сучасным абсталяваннем, якое дазваляе весці кінавытворчасць на высокім тэхнічным і прафесійным узроўнях. У трох здымачных павільёнах плошчай дзве тысячы квадратных метраў будуюцца дэкарацыі для гульнявых фільмаў усіх жанраў.
   За сорак кіламетраў ад Мінска на дзевяноста гектарах зямлі знаходзіцца натурная пляцоўка кінастудыі, прырода якой становіцца цудоўным фонам для рэалізацыі любых рэжысёрскіх задум. На гэтай тэрыторыі прадстаўлены разнастайны ландшафт: лясы, лугі, палі, два возеры. Прырода пляцоўкі дазваляе здымаць фільмы любой тэматыкі, кліпы, рэкламныя ролікі.
   Кінастудыя мае ўнікальную калекцыю касцюмаў, збор мэблі і рэквізіт розных эпох, краін і культур, старажытную і сучасную зброю, разнастайныя віды транспартных сродкаў, рарытэтную і сучасную ваенную тэхніку.
   Кінавытворчасць у Беларусі пачалася ў 1924 годзе. Першы мастацкі фільм "Лясная быль" быў створаны ў 1926 годзе (рэжысёр – Юрый Тарыч). Тэма барацьбы народа за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне з’яўлялася вядучай у кінематаграфіі дваццатых трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. У гэты час пачалі здымацца фільмы для дзяцей. Напрыклад, у 1934 годзе быў створаны фільм па аповесці Янкі Маўра "Палескія рабінзоны ".
   Значныя поспехі беларускага кінамастацтва звязаны з распрацоўкай тэмы Вялікай Айчыннай вайны, якой прысвечаны фільмы "Канстанцін Заслонаў", "Гадзіннік спыніўся апоўначы", "Альпійская балада", "Ідзі і глядзі" і іншыя. А фільм " Праз могілкі" рэжысёра Віктара Турава рашэннем ЮНЕСКА быў унесены ў спіс ста найлепшых фільмаў свету пра вайну.
   Яркія старонкі ў гісторыю айчыннага кіно ўпісалі аўтары дзіцячых фільмаў, некаторыя з якіх дэманстраваліся ў многіх краінах свету. Сярод гэтых фільмаў – "Дзяўчынка шукае бацьку", "Міколка-паравоз" Льва Голуба, "Прыгоды Бураціна" Леаніда Нячаева.
   Значнае месца ў беларускім кінамастацтве займаюць экранізацыі літаратурных твораў: "Хто смяецца апошнім" рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна, "Дзікае паляванне караля Стаха" Валерыя Рубінчыка, "Людзі на балоце" Віктара Турава, "Знак бяды" Міхаіла Пташука і іншых.
   Сярод найлепшых карцін апошніх гадоў – фільм Міхаіла Пташука "У жніўні сорак чацвёртага...", які атрымаў прызнанне на шматлікіх кінафестывалях.
   На кінастудыі "Беларусьфільм" дзейнічае студыя дакументальнага кіно "Летапіс", а таксама майстэрня мультыплікацыйных фільмаў.
   Студыя "Летапіс" была створана ў 1968 годзе на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. За чатыры дзесяцігоддзі тут выпушчана каля тысячы дакументальных фільмаў, якія асвятляюць розныя падзеі жыцця грамадства. Высокі мастацкі ўзровень карцін дазваляе гаварыць пра беларускую школу дакументальнага кіно, якая характарызуецца глыбокім падыходам да ўвасаблення тэмы на экране, высокім аператарскім майстэрствам. Прызнаннем гэтай школы з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды нацыянальных і міжнародных кінафестываляў, якімі беларускія дакументальныя фільмы адзначаюцца кожны год.
   Росквіт беларускай анімацыі наступіў з 1986 года, калі нашы мультфільмы сталі атрымліваць самыя прэстыжныя прызы практычна на ўсіх вядомых анімацыйных фестывалях. За час існавання студыі было знята больш за сто мультыплікацыйных фільмаў для дзіцячай і дарослай аўдыторыі. Сёння ў студыі здымаюцца фільмы ў рознай тэхніцы. Тут працуюць таленавітыя рэжысёры анімацыйнага кіно, высокапрафесійныя мастакі-пастаноўшчыкі.
   Сёння Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" здольна выпускаць да пятнаццаці гульнявых, сарака хранікальна-дакументальных і дзесяці анімацыйных фільмаў у год. На кінастудыі паспяхова ажыццяўляюцца праекты па стварэнні мастацкіх карцін сумесна з кінематаграфістамі іншых краін.
(483 словы)

Паводле I. Касцючэнка.