Памаленьку, але з кожным днём усё смялей і ўладарней наступала вясна: снег проста ўвачавідкі асядаў, змрачнеў і адсоўваўся як мага далей ад платоў і прызбаў, удзень капала са стрэх, паветра вільгатнела, святлела, прасторнела ў небе. Ні з таго ні з сяго сярод белага дня галасіста спявалі пеўні, і на пачарнелых сметніках жвава капашыліся вераб’і. Зіма, праўда, не хацела здавацца, храбрылася. На ноч уедліва браўся яршысты марозік, сушыў, сцягваў тонкім празрыстым лядком лужы, ранкам церусіў дробны, як манка, сняжок. Але саўладаць з цяплом ужо не магла старая, і ледзь паказвалася сонца, ад злосці і бяссілля плакала шчодрымі слёзнымі капяжамі. А потым неяк у адзін дзень снег набрак вадою і шухнуў у раўчукі, усюды загаманілі, забулькалі ручаі і ў шматгалосным, імклівым шуме і звоне панеслі вясну некуды далей.
Памятаю, што ў Вепры мы з Мальвінаю ішлі не па шпалах, а па лясной караністай дарозе. Абапал усюды рыжэла прымятая зімою трава, чарнела збуцвелае леташняе лісце. У лагчынах было бела ад кураслепу, сіні кашлаты сон аж ірваў бор. Маладыя бярозкі не ўтрымаліся ад спакусы, каб не пафарсіць у сваіх летніх абновах – над імі ўжо калыхаўся, шугаў квола-зялёны дым. Старыя дрэвы не спяшаліся – нечага чакалі, а ў глушэчы нясмела крычала першае "ку-ку" зязюля.
Ля самай дарогі, пад тоўстаю, карыстаю бярозаю, мы натрапілі на невялічкае дубовае карытца, поўнае бярозавіку, і ўзрадаваліся, як дзеці. Навыперадкі пусціліся да балацявіны, вырвалі па чорнагаловіне і праз іх, сеўшы на ўколенкі, пілі гэты чысты, як сляза, сок вясны.
Потым мы збочылі з язджалай дарогі і пайшлі лесам. Пад нагамі блытаўся зялёны і порсткі ягаднік, качаліся мокрыя шышкі, пахла хвояй, дурна п’яніў багуннік.
Спусціліся ў лагчыну і спыніліся ўражаныя: на бруснічных барвенках сям-там чырванелі ягады, буйныя і сакавітыя, якія прабылі зіму пад снегам і не толькі не сапсаваліся, а яшчэ болей пасмачнелі.
(290 слоў)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Пераказы → Сустрэча вясны
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Пераказы → Гуканне вясны
Пераказы → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Пераказы → Прыход вясны