Сонечнае святло ўварвалася ў сумачку і на нейкі момант асляпіла ўсіх, хто ў ёй знаходзіўся. Бабуля ўзяла акуляры і выцерла шкельцы насовачкай. Ай, як гэта ёй не спадабалася. Яна нават паспрабавала выслізнуць з рук бабулі. Ды і акуляры не вельмі ўзрадаваліся такой ласцы.
Насовачка намагалася не працерці шкельцы, а толькі пашкрабаць. Нарэшце акуляры былі на носе, і бабуля пачала разглядваць насовачку. Перш яна панюхала яе, а потым паклала на калені і колькі разоў пагладзіла. Насовачцы гэта было даспадобы. Але тут бабуля пачала перабіраць рэчы – вымаць іх з сумачкі і класці на насовачку. Гэта ўжо ёй не спадабалася. Яна саслізнула з бабуліных каленяў, з’едліва хіхікнуўшы пры гэтым.
На зямлю, проста пад ногі бабулі, паляцелі кашалёк, клубок нітак з уторкнутымі спіцамі, прышчэпка, паперка і футарал ад акуляраў. Бабуля занепакоілася. Устала і хуценька пачала збіраць рэчы. Насовачка не ўтрымалася на каленях і таксама апынулася на зямлі. Проста ля ног бабулі.
(148 слоў)
Паводле Л. Улашчанкі