Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Навальніца

   Апоўдні над горадам прагрымела навальніца.
   Чорная хмара насунулася з паўднёвага захаду. Спярша там была бяскрыўдная шэрая хмурынка на небасхіле. Не мінула і чвэрткі гадзіны, як зачарнела над прыгарадным лесам. Край хмары, нібы вялізнае воранава крыло з мутна-бялявымі плямамі і пасмамі, прыкрыў сонца і павіс над горадам, прыдзвінскім поплавам і Дзвіной. Пранёсся раптоўна парыў ветру, закруціў пыл на вуліцах, зашастаў веццем вулічных прысад і сціх гэтак жа раптоўна, як узняўся. Прыціхла ўсё ў наваколлі, і тады бліснула маланка, лінуў спорны дождж.
   На горад як бы хто накінуў густую дрыготкую сетку. Скрозь яе імгліста-мільгатлівую гушчыню невыразна акрэсліваліся шэрыя абрысы будынкаў, вуліц, дрэў. Задыміўся нагрэты сонцам за паўдня асфальт, уздоўж тратуара, паўз дрэвы і кветнікі, пацяклі шумлівыя, у вясёлых бурбалках ручаі.
   Але навальніцы ўлетку імклівыя і кароткія. Хутка хмара, аддаўшы зямлі належнае, пасвятлела, разарвалася на шматкі, якія паступова расталі ў небе. Дождж парадзеў, неўзабаве з блакітнага прасвету выглянула сонца, і над Дзвіной, злучаючы яе берагі, паўстала казачна-яркай у сваіх сямі колерах дугой вясёлка.
   Дождж скончыўся, але вясёлка яшчэ не знікала, красавалася, упрыгожваючы неба і зямлю. Водсвет яе спадаў на горад, абмыты дажджом, пасвяжэлы, скрозь аздоблены яркай зелянінай. Прыветліва і весела глядзелі вокны беласценных гмахаў-дамоў, што не грувасціліся, зацяняючы адзін аднаго, а ахіналіся святлом з усіх бакоў, аддзеленыя прасторнымі дварамі-скверамі з маладымі дрэўцамі і клумбамі.
   Вясёлка над Дзвіной паднялася ўгору, колеры яе пабляклі і неўзабаве рассеяліся зусім. Рэшткі хмары пашарэлі і быццам растварыліся ў сінечы. Сонца залівала цяпер роўным залацістым святлом, і ўсё ў ім: і будынкі, і дрэвы, і асфальтавая роўнядзь вуліц, і зеляніна прырэчнага поплава – прываблівала вока свежасцю і чысцінёй.
(259 слоў)

Паводле Т. Хадкевіча

 

Похожие статьи:

Іван МележПалеская хроніка. Подых навальніцы. Частка першая

Пераказы, дыктантыНавальніцы

Пераказы, дыктантыЧэрвеньская навальніца

Пераказы, дыктантыНавальніца на возеры

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Красавіцкая навальніца