Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Навальніца ў тайзе

   Цяпер я канчаткова зразумеў, што заблудзіўся. Сцежка згубілася, і дарэмна я лазіў па вываратах і бураломах, каб знайсці яе. Я адчуваў сябе маленькім і нікчэмным, непрыкметным і слабым стварэннем. І мне суджана было загінуць у неабсяжных прасторах тайгі. Я зноў пачаў блукаць па лесе.
   Нарэшце я выйшаў на вялікую паляну, якая займала некалькі гектараў. Я ўбачыў, што з-за лесу паўзе шэрая хмара і неўзабаве заслоніць сонца. Я ўсхваляваўся. Толькі потым да майго разумення дайшло, што гэта ж лепш. Навальніца застане мяне не ў лесе. На паляне я хоць вымакну, але і высахну. А ў лесе дождж ліўся б за каўнер і пасля навальніцы.
   Хмара падала свой першы голас. Завуркатаў гром, як здаравенны сабака. Я здрыгануўся, бо ўслед за вуркатаннем хмару прарэзала маланка. Потым пачуўся такі ўдар, што здалося, нібы неба раскалолася і на зямлю са страшэнным грукатам пасыпаліся яго абломкі. Праз імгненне пацямнела. Хмара засланіла сонца і ахапіла паўнеба. Яна насоўвалася з шалёным напорам. З таго боку, адкуль яна ішла, лес схіліў перад ёй свае вострыя верхавіны. Неўзабаве ён увесь схіліўся і завыў ад жаху.
   Дажджу яшчэ не было, але перуны ляскалі бесперапынна, нібы спаборнічалі, хто мацней лясне. Асляпляльныя маланкі крыжавалі хмару, рэжучы яе на кавалкі.
   Я спачатку не адчуваў ветру, потым ён наляцеў з-пад лесу, ледзь не збіўшы мяне з ног. Аднак хутка вецер сціх. Хлынуў лівень.
   Калі скончылася навальніца і неба праяснілася, я ўбачыў сонца. Цяпер яно было не на поўначы, як раней здавалася мне, а на поўдні.
   Я прамок да ніткі, але дух мой падняўся. Я ўжо ведаў, у якім баку мой пасёлак. Майму настрою спрыяла цяпер і прырода. Ласкава свяціла сонца. На маладых бярозках, што раслі справа, блішчалі дажджавыя кроплі. Ад лесу ішла пара. Яна, як дым, узнімалася над верхавінамі і раставала ў блакітнай вышыні.
(292 словы)

Паводле А. Чарнышэвіча

 

Похожие статьи:

ПераказыЧэрвеньская навальніца

ПераказыНавальніца на возеры

ПераказыНавальніцы

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Красавіцкая навальніца

Іван МележПалеская хроніка. Подых навальніцы. Частка першая