З захаду плылі хмары. Плылі павольна, не спяшаючыся. Хмары былі чорныя, цяжкія. Яны спускаліся ўсё ніжэй і ніжэй, быццам хацелі прыціснуць, прыглушыць на зямлі ўсё жывое. І лес прыціх, затаіўся. Першымі замоўклі птушкі, а за імі і дрэвы. Нават адвечныя лапатухі асіны, і тыя перасталі шапацець сваім лісцем.
Але глухая суцэльная немата гэтая цягнулася нядоўга. Наляцеў аднекуль моцны парыў ветру, ударыў па вершалінах дрэў, і яны гайдануліся, загаманілі. Зашумеў, ажывіўся Нягневіцкі лес, пакаціў зялёныя хвалі аж да самага краю.
Чарнату неба паласнуў асляпляльны зігзаг, і над лесам аглушальна трэснула.
Якімка, які соладка спаў з сябрамі ў зямлянцы, падхапіўся і кінуўся да выхаду. Потым, успомніўшы, што ён не адзін, вярнуўся і раскатурхаў Уладзіка і Васю.
(114 слоў)
Паводле Я. Курто