Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Матчына сэрца

   У сонечным асеннім скверы ледзь чутна ападае лісце і шамаціць пад нагамі. На суседняй не вельмі зручнай лаўцы маладзенькая мама на руках пагойдвае дзіцятка. Нешта гаворыць яму, угукае і смяецца. Побач стаіць чырвоная, з блішчастаю аблямоўкаю калясачка.
   Маці аж свеціцца ад шчасця.
   Можа, упершыню ўсміхнулася яе дзіцятка. Можа, нешта невыразнае пралепятала, а ёй пачулася доўгачаканае «мама». А можа, рэжацца першы зубок, вось і круціцца ад болю, енчыць малое, а маці пакутуе падвойным болем, гатовая ўсё сцярпець, абы дзіцятку добра было. А захварэе яно, здаецца, нічога страшнейшага і на ўсім свеце няма. Каб можна было, жыццё аддала б за дзіцятка. Не спіць начамі маці. Няхай сабе не спіць цяпер, абы спакойна спала, калі дачушцы ці сыну стукне сямнаццаць...
   З першага дня мацярынства трывог і пакут болей, чым радасцей, у кожнай маці. Пакаўзнулася дзіцятка, разбіла носік – матчына сэрца ледзь не парвецца. Першая двойка – гора для маці. А яна ўсё чакае радасцей і ўцех.
   Паступілі сын ці дачка ў інстытут – пасвятлела наўкол, маці выпрасталася, вышэй падняла галаву, а ў валасах ужо бліснула першая павуцінка ранняй восені. А як чакае маці кожнага запозненага пісьма з пячаткай салдацкай пошты! Усё прыслухоўваецца, усё прыглядаецца, куды зверне, што прынясе паштальён. З трывогай слухае маці кожную перадачу па радыё. Недзе ж юнакі забіваюць адзін аднаго. Каб спытаў: за што? Яны ж зроду не сустракаліся, не чулі і не пачуюць імя свайго забойцы або забітага ім. На каго ж кідаюць бомбы? Па кім б’юць з гарматаў? Навошта? За што?
   Вечна нечага з трывогай чакае маці, вечна думае пра сваё дзіця, жыве дзеля яго.
   Як жа месцяцца ў адным сэрцы любоў і радасць, боль і трывога? Месцяцца. Яно ж матчына! Для кожнага ў ім знойдзецца прытулак і ласка.
(280 слоў)

Паводле С. Грахоўскага

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыРазбітае сэрца

Ніна МацяшНіна Мацяш - Залатое сэрца

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Ад шчасця сэрца скача, як дзіця...

Пераказы, дыктантыЗалатое сэрца

Іван ШамякінІван Шамякін - Сэрца на далоні