Мартын Рыль ехаў са стрэльбай на чоўне ўскрай Прыпяці. Ён туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Яму пашчаслівілася настраляць іх штук пяць. З таго боку Прыпяці шыбуе човен.
На носе чоўна ляжыць зялёная вязка свежай травы і ёмкі сноп пышнага кучаравага чароту. На чоўне бялее гнуткая, руплівая дзявочая постаць у чырвонай хустачцы, завязанай канцамі назад. Спрытна мільгае вясло ў яе пругкіх руках, і човен борзда і роўна слізгаціць па шырокім лоне спакойнай Прыпяці. Мінуўшы сярэдзіну рэчкі, човен крута верне ў бок Мартына. Мартын сумыслу едзе павольна і пільна ўзіраецца ў затокі, дзе любяць жыраваць качкі, і не глядзіць на човен з дзяўчынаю, хоць ужо ведае, хто на ім плыве. Але яму прыемна.
– А я табе ўсіх качак папужаю, – чуецца малады звонкі дзявочы голас, і следам за гэтым даносіцца яе крык.
(134 слова)
Паводле Я. Коласа