Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Танк

   Упершыню я ўбачыў Максіма Танка ў Віленскай беларускай гімназіі вясной 1939 года на літаратурным вечары, дзе сабраліся прадстаўнікі беларускай, літоўскай, яўрэйскай інтэлігенцыі. Асабліва шмат тут было моладзі – студэнтаў, гімназістаў. Свае вершы на вечары чыталі беларускія і польскія паэты, якія пражывалі ў Вільні. Але цэнтрам увагі быў Максім Танк. Малады, вясёлы прыгажун, з добра пастаўленай дыкцыяй, ён эмацыянальна чытаў урыўкі з нядаўна закончанай паэмы пра Кастуся Каліноўскага. У гэты момант ён здаваўся бунтаром, што асабліва падабалася моладзі. Постаць Каліноўскага ў Заходняй Беларусі была блізкай па духу нацыянальна-вызваленчаму руху і ўспрымалася з энтузіязмам. Выступленне маладога паэта закончылася бурнымі апладысментамі.
   Мяне, як і іншых вучняў гімназіі, зацікавіў надзвычай гучны псеўданім паэта – Максім Танк. Гэтым іменем ён упершыню падпісаўся ў 1935 годзе. Значна пазней, калі адбылося знаёмства з Максімам Танкам, я пацікавіўся, чаму паэт выбраў такі псеўданім. «На той час, калі мне спатрэбіўся псеўданім, – сказаў Яўген Іванавіч, – каласы, васількі, верасы і іншыя міралюбныя псеўданімы былі разабраны. А мне хацелася мець бойкі псеўданім. Тым больш што з Захаду насоўвалася фашысцкая пагроза. Вырашыў спыніцца на слове "танк", якое звязвалася з моцай, сілай супраціўлення. А каб танк стаў больш грозным, я яго "ўзброіў" кулямётам "максімам". Так я стаў Максімам Танкам».
   З беларускай гімназіяй паэт, як яе былы вучань, падтрымліваў цесную сувязь, прымаў удзел у літаратурных вечарах. У гімназіі ў асноўным вучыліся вясковыя дзеці, і Яўген Іванавіч, будучы сам вяскоўцам, душэўна хіліўся да іх. Усё гэта не падабалася польскім уладам і дырэктару гімназіі, які забараняў вучням сустракацца з паэтам, паколькі той знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Вучням таксама забаранялася наведваць гурткі Таварыства беларускай школы і іншыя легальныя беларускія арганізацыі ў Вільні.
   Максім Танк пражыў доўгае жыццё. Многа падзей, многа змен адбылося за гэты час. Былі рэвалюцыі, войны, неверагодныя палітычныя і эканамічныя эксперыменты, узлёт і развал Савецкага Саюза. I заўсёды захапляла надзвычайная прастата і дабрыня славутага паэта, што дазваляла многім людзям з розных раёнаў Беларусі звяртацца да яго асабіста і пісьмова з просьбамі аб дапамозе і абароне. I не было такога выпадку, калі б ён каму-небудзь адмовіў.
(329 слоў)

Паводле П. Кузюковіча.

Похожие статьи:

Максім ТанкМаксім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест

Максім ТанкМатывы і вобразы паэзіі Максіма Танка

БиографииМаксім Танк

Максім ТанкДавераснёўская творчасць Максіма Танка

Максім ТанкЖыццё і творчасць Максіма Танка