Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максімка

   На другі дзень, калі бацька і маці сядзелі на канапе, да іх падбег Толя, вясёлы, шчаслівы. Ён праціснуўся паміж каленяў бацькі, прытуліўся да яго і сказаў:
   – А веласіпед сапраўды мне купіш?
   – Куплю, сынок, куплю. Толькі пакуль што няма дзе купіць, – адказаў бацька, а потым звярнуўся да жонкі: – Акурат таксама той хлопчык прытуліўся да мяне і прасіў машыну. Ён так быў упэўнены, што перад ім яго татка...
   Маці сказала:
   – Ведаеш, што я думаю: ці мае права наш Толя быць такім шчаслівым, калі столькі дзяцей засталося без бацькоў?
   – Чаму ж не? – адказаў бацька. – Ён нічыё месца не займае. А вось мы займаем месца забітых бацькоў, таму не маем права забываць пра іх дзяцей.
   Так Максімка, сам таго не ведаючы, увайшоў у жыццё гэтай сям’і. Увайшоў і заняў пэўнае месца ў сэрцы не толькі бацькі, але і маткі, якой часта здавалася, нібы яна сама прысутнічала пры той сустрэчы: пры кожным выпадку яны з замілаваннем успаміналі незнаёмага, далёкага хлопчыка Максімку.
   ...Была ўжо восень. Дрэвы вакол дзіцячага дома пажоўклі. Апусцелі пясчаныя распрацоўкі. Пранізлівы вецер без перашкоды гуляў па пералесках і ўзгорках. З зачыненага дома ішоў гул, як з устрывожанага вулля.
   Малыя перанеслі сваё будаўніцтва ў памяшканне. Замест пяску ў іх цяпер былі бярвенні, фермы, блокі, кубікі. Як і раней, яны чакалі, што заўтра прыедзе татка і прывязе нешта такое, такое...
   – А мой татка прывязе мне сто кубікаў!
   – А мой татка прывязе мне поўны дом кубікаў!.. Раптам падышла цёця Каця:
   – Максімка, ідзі сюды! Да цябе татка прыехаў!
   Нельга сказаць, каб Максімка вельмі здзівіўся: ён і без таго ведаў, што калі-небудзь ды татка прыедзе. Але ўсё ж такі ён захваляваўся і пачырванеў.
   Цёця Каця ўзяла яго за руку і павяла. А ззаду ніхто не звяртаў увагі. Хутка Максімка ўбачыў высокага дзядзьку і адразу пазнаў, што гэта той самы татка, які прывёз яму машыну, але тады чамусьці не захацеў узяць яго з сабой. Затое цяпер ён сам падышоў да Максімкі, узяў яго на рукі і сказаў:
   – Ну, Максімка, збірайся: едзем дадому, мама чакае.
   I зноў Максімка ўбачыў той самы светлы, прыемны твар, зноў адчуў цеплыню на сэрцы і зноў шчыра прытуліўся да грудзей таткі.
   Але адно вока яго глядзела на таварышаў хітра-хітра...
(355 слоў)

Паводле Я. Маўра.

Похожие статьи:

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра - ГДЗ

Янка МаўрЯнка Маўр - На крызе

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра

Янка МаўрЯнка Маўр - Лацароні

Янка МаўрЯнка Маўр - Палескія рабінзоны