Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Любчанскі замак

   На высокім беразе Нёмана стаіць Любчанскі замак. Адгэтуль адкрываецца дзівосны краявід: рака, што нясе сваю магутную плынь да Балтыкі, паплавы, далёкія лясы Налібоцкай пушчы. А тут, на пагорку, схілы такія стромыя, што і ўскараскацца цяжка. Што ўжо казаць пра тыя далёкія часы, калі гэтыя муры былі абарончымі!
   Унікальны архітэктурны комплекс будаваўся яшчэ ў другой палове шаснаццатага стагоддзя як рэзідэнцыя роду Кішкаў. Пазней, атрымаўшы Любчу, будаўнічую справу працягнулі Радзівілы.
   Замак, што стаяў на гары, з трох бакоў акружаў глыбокі роў, напоўнены вадою, а з чацвёртага – Нёман. Замак будавалі ў выглядзе чатырохвугольніка. На кожным рагу ўзвялі вежы, унутры – палац, жылыя ды гаспадарчыя пабудовы. Вежы пад чырвонай дахоўкай узіраліся ўдалячынь байніцамі. А ўпрыгожваў іх роспіс – чорна-белыя малюнкі і ўзоры.
   У замку ўладальнік Багуслаў Радзівіл размясціў музей дзівосаў і мастацтваў. Там захоўваліся карціны і скульптуры знакамітых майстроў, нумізматычныя і археалагічныя калекцыі, зброя. Экзатычныя рэчы з далёкіх краін спалучаліся з мастацкімі творамі і вайсковымі трафеямі. А яшчэ замак славіўся сваёй найбагацейшай бібліятэкай. У тутэйшай друкарні выдаваліся духоўная і свецкая літаратура, навуковыя выданні і падручнікі.
   За свой доўгі век замак перажываў аблогі і захопы. Моцна пацярпела Любча і падчас дзвюх апошніх войнаў. Замак знаходзіўся ў запусценні. Здавалася, што ён павольна памірае.
   На шчасце, знайшоўся чалавек, дзякуючы якому Любчанскі замак пачаў вяртацца да жыцця. Ураджэнец Любчы Іван Пячынскі вырашыў уратаваць помнік. Быў створаны дабрачынны фонд, вакол пачалі гуртавацца аднадумцы, неабыякавыя людзі, і праца завіравала. Помнік літаральна на вачах адраджаецца з руін.
   Многія з тых, хто прыязджае сюды проста паглядзець на замак, прымаюць удзел у рэстаўрацыі. Тут кожны можа далучыцца да святой справы адраджэння Любчанскага замка.
(261 слова)

Паводле Я. Малішэўскага

 

Похожие статьи:

Пераказы«Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!»

ПераказыЛегенды Мірскага замка

ПераказыКраіна замкаў

ПераказыСцены Лоскага замка

ПераказыЛюбчанскі замак