Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Куфар у інтэр’еры сялянскай хаты

   Скрыня і куфар бытавалі ў гарадскім асяроддзі яшчэ ў Старажытнай Русі, але ў беларускі сялянскі інтэр’ер праніклі адносна позна – у другой палавіне ХІX стагоддзя. Першымі зазналі ўплыў вытворчасці гарадской мэблі вёскі, размешчаныя непадалёку ад гарадоў і важных гандлёвых шляхоў. Але да таго, як куфар трывала ўвайшоў у мастацкі ансамбль народнага, фарміраванага стагоддзямі інтэр’ера, ён адаптаваўся ў традыцыйных абрадах, найперш у вяселлі. Куфар з’яўляўся адзнакай прэстыжнасці, заможнасці гаспадароў, таму напачатку свайго вясковага існавання ён уваходзіў у інтэр’ер як частка пасагу маладой.
   З’яўленне куфра ў хаце вяскоўца было выклікана агульнымі зменамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў ХІX стагоддзі. Драўлянае дойлідства, а разам з ім інтэр’ер сялянскай хаты ўскладняюцца новымі формамі. У арганізацыі ўнутранай прасторы хаты ўсё большае значэнне набывае эстэтычна выразная кампазіцыя інтэр’ера, якая адпавядала б новым бытавым патрэбам і эстэтычным ідэалам сялянства.
   Куфар не толькі ўзбагаціў інтэр’ер, але стаў адным з важнейшых кампанентаў народных мастацтваў, сабраных пад адной страхой. Ён заставаўся ёмістасцю, у якой зберагалі пераважна тканыя вырабы для святаў і абрадаў ці проста сямейны скарб.
   Ставілі куфар на ганаровым месцы, непадалёку ад чырвонага кута, звычайна ў прасценку паміж аконнымі праёмамі. Найчасцей ён прымыкаў да палка і часам ледзь кранаўся канца застольнай лавы. У куфрах з плоскім векам апошняе выкарыстоўвалася ў якасці ложка. У адрозненне ад стацыянарных відаў мэблі, якія загадзя прадумваліся для адпаведнай зоны інтэр’ера, куфар не заўсёды меў пастаяннае месца. Прастаяўшы пэўны час у святліцы, ён бадай назаўсёды пераносіўся ў сенцы ці камору.
   Колер і арнамент куфра мелі багатую і ўстойлівую сімволіку, якая заклікана забяспечыць урадлівасць нівы, дабрабыт і шчасце сям’і. Каб паслабіць тую ці іншую сімволіку дзеля большай лучнасці дэкору куфра з іншымі вырабамі інтэр’ера хаты, яго засцілалі спецыяльнымі посцілкамі.
   У аздабленні куфра спалучаюцца земляробчыя і шлюбныя матывы. Узвелічэнне шлюбнага рытуалу, якое рабілася з дапамогай афармлення куфра, здзяйснялася не толькі з мэтай пажадання або наклікання сямейнага дабрабыту. Заключэнне шлюбу лічылася неабходным дзеля ўздзеяння на ўрадлівасць зямлі. Напрыклад, вясною, падчас траецкіх святаў, інтэр’ер палескіх святліц упрыгожваўся вялікай колькасцю ручнікоў з раслінным арнаментам, а таксама зелянінай, што яскрава пацвярджае семантычную еднасць дэкору вясельнага куфра з астатнімі кампанентамі мастацкага афармлення інтэр’ера.
   Блізкасць арнаментальных матываў і каларыту куфра да аздаблення ручнікоў, дываноў і іншых вырабаў садзейнічала зладжанасці сялянскага інтэр’ера. Адбывалася гэта па той прычыне, што размалёўвалі куфры тыя ж майстры, якія натыкалі і нашывалі ўзоры на ручніках, дыванах і г. д. Якраз з-за таго, што большасць беларускіх куфраў выраблялася і аздаблялася жыхарамі вёсак і мястэчкаў, існавала рэальная магчымасць вырашаць задачы арганізацыі прасторы, дасягаць каляровага адзінства, хараства, светлага настрою ад архітэктурнага аб’екта, а не толькі асобных памяшканняў хаты. Разам з ручнікамі, дыванамі, сурвэткамі, фіранкамі, хатнім начыннем ён ствараў неабходны эмацыянальны клімат для адпачынку і працоўнай дзейнасці селяніна, прыгожы вобраз па-мастацку насычанага асяроддзя. Уся структура інтэр’ера сялянскай хаты ярка адлюстроўвае асаблівасці мастацка-прасторавага мыслення беларускіх народных майстроў, уменне сродкамі сінтэзу мастацтваў вырашаць праблемы комплекснай арганізацыі асяроддзя.
 
Паводле М. Раманюка

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыАгоўскія куфры