Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Касачы

   Калі прыязджаю дамоў у сваю вёску, абавязкова выберу хвілінку, каб наведацца ў бібліятэку. Не так рупіць паглядзець, якія там ёсць кнігі, ці пачытаць свежыя газеты, часопісы, а больш за ўсё цягне мяне само месца, дзе стаіць бібліятэка. Вабіць яно яшчэ з далекаватага пасляваеннага дзяцінства. Як помню сябе, дык не было таго дня, каб я не пабываў тут. На гэтым месцы, дзе цяпер бібліятэка, да вайны стаяла школа. Казалі, прыгожая была – цагляная, двухпавярховая – гонар не толькі нашых вяскоўцаў, але і суседзяў. Школу гэтую будавалі яшчэ пры цару.
   Школы я зусім не памятаю: яна згарэла ў вайну. Потым, ужо адступаючы, літоўскія ці латышскія легіянеры спалілі і вёску. І пасля вызвалення людзі, будуючыся, разабралі мур згарэлай школы на цэглу для печаў. Таму нам, равеснікам вайны, на пацеху застаўся толькі высокі падмурак, дзе мы любілі гуляць у хованкі ды шукаць розныя абгарэлыя жалезкі, цвікі і выкалупваць імі з падмурка вапну, якой размалёўвалі ўсё, што трапляла пад рукі.
   Але сама больш нам не давалі спакою кветкі. Пажарышча з усіх чатырох бакоў акружалі кусты бэзу, ружаў, шыпшыны. А ў двары, на колішніх клумбах – цяпер кругленькіх утравелых узвышшах – раскашавалі вяргіні і касачы. Касачы цвілі і жоўтымі кветкамі, і сінімі. Можна было толькі дзівіцца, як ацалела ўся гэтая прыгажосць ад пажару.
   О, як нам, малым, тады хацелася нарваць лістатых галінак бэзу з белымі, ружаватымі, блакітнымі свечкамі іскрыстых суквеццяў, чырвоных, як жар, з непаўторным, саладзейшым за мядовы, пахам ружаў, каб хоць крыху аблегчыць і голад, і холад!
   Але хоць і нічыйнае было гэтае багацце, дарослыя не дазвалялі нам калечыць такую прыгажосць. Казалі, што не мы саджалі, не нам і рваць, што, можа, тут яшчэ пабудуюць школу.
(268 слоў)

Паводле І. Стадольніка