Скаланаючыся ад вільготнай стыласці ранку, Агееў надзеў сваю сінюю куртку і, узяўшы рыдлёўку, пайшоў да абрыву.
Нярадасны выгляд кар’ера, які пасля ліўня адкрыўся яму ўчора, амаль не змяніўся за ноч: вялізныя лужыны на дне кар’ера па-ранейшаму былі поўныя жоўтай вады; гара глею і пяску, што рухнула з краю абрыву, развалілася сярод адной з іх шырокай гаццю, па-ранейшаму палохаючы яго сваім аб’ёмам.
Агееў з пагорка сышоў на дарогу і пратаптанай ім у быльнягу сцежкай, месцамі слізгаючы нагамі па мокрай зямлі, спусціўся ў самую глыб кар’ера. Зляжалы пясчана-гравійны грунт тут не надта паддаўся дажджу і там, дзе не было лужын, добра трымаў чалавека. Вада ў лужынах стаяла густая і жоўтая, бы апельсінавы сок, і ў глыбокіх мясцінах, мабыць, дасягала яму да пояса. Крыўднае было ў тым, што лівень амаль цалкам затапіў самае патрэбнае яму месца пад навіслым абрывам, на якое ў дадатак да ўсяго яшчэ і рухнула глыба грунту. Агееў нерашуча ступіў на край гэтай глыбы і на яе беражку ля вады згледзеў нешта такое, што змусіла яго ўпусціць з рук рыдлёўку.
Гэта быў абмыты дажджом, зморшчаны і пагнуты жаночы туфель няпэўнага колеру на высокім абцасе, з адкрытым наском і вузенькім раменьчыкам на гузічку – зусім такі, якія перад вайной звалі лодачкамі. Ён амаль сатлеў, доўга праляжаўшы ў зямлі, раскіс ад вільгаці, ледзьве захаваўшы сваю першапачатковую форму, але ўсім сваім выглядам прымусіў Агеева адчуць нечаканае хваляванне, амаль разгубленасць. Праўда, па меры таго, як ён узрушана круціў знаходку ў руках, мацаючы слізкую скуру, напаўадарваны абцас з рэштаю ржавых цвікоў, хваляванне яго стала марнець пад напорам цвярозых думак: ці мала тут магло знайсціся кінутага абутку, яму ўжо трапляліся і кірзавыя халявы ад ботаў, і дзіравыя дзіцячыя галошыкі, цяпер гэты туфель...
(275 слоў)
Паводле В. Быкава