Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каб мама ўсміхалася

Варыянт 1 (240 слоў)

   Алесеў брат Мікола служыць у арміі. Сумна Алесю без брата, асабліва цяпер, зімой. Раней ён з Міколам хадзіў рыбу з-пад лёду лавіць, а сёлета мама не пускае аднаго на рэчку.
   Сеў Алесь за стол, вырваў са сшытка аркуш паперы і вялікімі літарамі вывеў: «Дарагі брат Мікола! Калі прыедзеш на пабыўку? Вельмі чакаю цябе».
   Мінуў тыдзень, другі, і вось прыйшоў адказ.
   «Дарагі Алесік! Ці хутка, пытаешся, на пабыўку прыеду? Гэта і ад цябе залежыць. Трэба, каб наша мама часцей усміхалася. Яе ўсмешка мне служыць дапаможа. Так служыць, каб камандзіры хвалілі. Пастарайся, Алесь, каб мама часцей усміхалася. Тады і на пабыўку я хутчэй прыеду».
   Прачытаў Алесь пісьмо, задумаўся: праўда, рэдка мама ўсміхаецца. Прыйдзе вечарам стомленая. Потым у яго, Алесеў, дзённік гляне, спахмурнее: «Зноў па матэматыцы тройку прынёс. Будзем разам задачы рашаць».
   А раней мама штодзень усміхалася. Пакуль з работы вернецца, Мікола і ў печцы прапаліць, і бульбы наабірае, і ў хаце прыбярэ. А цяпер усё адна робіць. Цяжка ёй!
   Апрануўся Алесь, прынёс з дрывотні дроў, запаліў печку і пачаў задачы рашаць.
   Вярнулася мама з работы, а ў хаце цёпла, утульна. Усміхнулася сыну, пахваліла.
   Нарэшце скончылася зіма. Аднаго разу ўскапалі Алесь з мамай градку каля хаты, вяргіні пасадзілі. На лаўку прыселі, адпачываюць. Глянуў Алесь на вуліцу і вачам не паверыў: скіроўвае да іх салдат, высокі, прыгожы, са значком на грудзях.
   Алесь маму апярэдзіў, прыціснуўся да брата, сказаў:
   – Я ведаў, што ты хутка прыедзеш на пабыўку. Цяпер мама кожны дзень усміхаецца.
 


 

Варыянт 2 (160 слоў)

   Алесеў брат Мікола служыць у арміі. Сумна Алесю без брата, асабліва зімой.
   Аднойчы Мікола напісаў: «Дарагі Алесік! Ці хутка, пытаешся, на пабыўку прыеду? Гэта і ад цябе залежыць. Трэба, каб наша мама часцей усміхалася. Яе ўсмешка мне служыць паможа. Так служыць, каб камандзіры хвалілі. Тады і на пабыўку хутчэй прыеду».
   Прачытаў Алесь пісьмо, задумаўся: праўда, рэдка мама ўсміхаецца. Прыйдзе вечарам стомленая, гляне ў яго дзённік, спахмурнее. А раней мама штодзень усміхалася. Пакуль з работы вернецца, Мікола і ў печцы прапаліць, і бульбы наабірае, і ў хаце прыбярэ. А цяпер усё адна робіць. Цяжка ёй!
   Апрануўся Алесь, прынёс з дрывотні дроў, запаліў у печы і пачаў задачы рашаць. Вярнулася мама з работы, а ў хаце цёпла, утульна. Усміхнулася сыну, пахваліла.
   Нарэшце скончылася зіма. Аднойчы глянуў Алесь на вуліцу і вачам не паверыў. Скіроўвае да іх салдат, высокі, прыгожы.
   Алесь маму апярэдзіў, прыціснуўся да брата, сказаў:
   – Я ведаў, што ты хутка прыедзеш на пабыўку. Цяпер мама кожны дзень усміхаецца.

Паводле А. Якімовіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМама

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Мама

Пераказы, дыктантыУрокі жыцця

Пераказы, дыктантыСпасцігаю мудрасць маміных урокаў