Увесь час налятаў вецер, сыпаў снегам у твар. Пасмы снегу раз-пораз перабягалі праз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма. Ад гэтага ўсё выглядала нерухомым і неспакойным. Неспакойнае было ў бегу коней, у няспынным дзікім варушэнні быльнягу абапал дарогі, на межах, у самім няроўным ветры.
За белым поплавам дарога вывела да шляху. Па баках у сухім шорсткім пошуме адна за адной пайшлі старыя бярозы. Вушы зноў востра лавілі гукі, сярод якіх супакойвалі толькі тупат і пырханне ззаду Апейкавых коней. Вочы насцярожана сачылі за ценямі, за ўсякім рухам. Бярозы за бярозамі з аднаго боку і з другога, і за кожнай можа чакаць небяспека. А тут злева насунуўся, узняўся чорнай сцяной лес.
Коні на ўзгорку прыцішылі бег, пайшлі спакайней. Яны нібы адчулі, што небяспека ўжо ззаду. Злева плыў плот, плылі копы яблынь за плотам. Уткнуліся ў неба і зніклі, як бы растаялі ў змроку таполі. Башлыкоў сядзеў расслаблена, слухаў прасторны пошум ветру, чуў халодны пах снегу.
(153 словы)
Паводле І. Мележа
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Думкі ў дарозе
Пераказы, дыктанты → Зімовыя дарогі
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Успамін аб лепельскай дарозе
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Шляхі-дарогі
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - На пыльнай дарозе