Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Залатая Горка

   Калісьці і гара, на якой тады не было лесу, і вёска называліся Лісінай Гарой. Па кустах і балотах палявалі лісіцы, але норы свае рабілі яны на гары. Там было сушэй і цяплей, чым у нізіне.
   Неўзабаве каля падножжа гары пачалі сяліцца людзі, і лісіцы перайшлі на вяршыню, а затым і зусім сышлі, пакінулі аблюбаваны пагорак.
   Вёску сталі называць Гарой. Толькі было незразумела, што гэта за гара. Шмат іх было вакол. Як адрозніць?
   Так і не прыдумалі людзі для сваёй вёскі адметнага імя. Дапамог выпадак. Прыехалі аднойчы з горада хлопцы. Абодва маладыя, дужыя і занадта ўжо цікаўныя. Пачалі яны распытваць жыхароў, ці не стаяў некалі на гары панскі замак-палац, ці не засталіся ад яго якія скляпенні. Людзі адказвалі, што нічога пра гэта не ведаюць, нават ад дзядоў сваіх не чулі. Але хлопцы  не паверылі, павысякалі на адхоне гары кусты і пачалі капаць яму. Кожны каменьчык, што трапляўся пад руку, яны ўважліва разглядалі, правяралі, а пясок нават праз рэшата прасейвалі.
   Тры дні і тры ночы капалі тыя хлопцы яму і ўсё каменьчыкі і пясок правяралі. Прыйшоў да іх стары дзядок, паглядзеў, як яны ў той яміне змучыліся, схуднелі. І кажа:
   – Што ж гэта вы, сынкі, пакутуеце тут? Ці ж можна так мардаваць сябе? Паглядзіце, які дзянёк добры, як вакол золата зіхаціць.
   Кінулі збянтэжаныя хлопцы свае рыдлёўкі, утаропіліся на старога:
   – Дзе, дзядок, золата?
   – Вылазьце, пакажу, падзялюся з вамі, – з хітрай усмешкай адказвае дзядок.
   Павыскаквалі хлопцы з ямы, азіраюцца, а дзядок ім і кажа:
   – Ды хіба ж вы не бачыце, колькі яго на нашых бярозах?
   А было тады бабіна лета, цёпла, суха. Пераглянуліся хлопцы ды раптам як зарагочуць. Падышлі яны да дзядка, руку паціскаюць, дзякуюць:
   – Нам сказалі, а мы паверылі. Дзякуй Вам, дзядуля, што навучылі, ад марнай працы пазбавілі.
   Закінулі тыя няўдалыя шукальнікі золата свае торбы за плечы і пайшлі.
   Вось з таго выпадку, з тых лёгкіх слоў мудрага дзядка быццам бы і знайшлося нарэшце для вёскі яе поўнае імя – Залатая Горка.
(320 слоў)

(З кнігі «Легенды і паданні»)

 

Похожие статьи:

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Вясковая ідылія

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Вясковы дом

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Раніца ў вёсцы

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Вёска

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"