Пачыналася восень. Яшчэ горача свяціла сонца, зусім па-летняму дрыжала сіняватая смуга над пыльнай дарогай, у кустах крушыны свісталі вясёлыя дразды. Асабліва спяшацца не трэба было, і я з прыемнасцю расцягнуўся на траве пад засенню бярозы. Добра іншы раз без клопату і хвалявання паваляцца ў цяньку, падыхаць чыстым паветрам, насычаным пахамі поля, лесу, лугавіны. Высока ў сінім бязвоблачным небе плыве яркае сонца, шчодра лье на зямлю сваю цеплыню і святло.
Я ляжу пад бярозай, і ў мяне хораша і ціха на душы. Я думаю пра восень. Мабыць, памыляюцца тыя, хто бачыць у восені толькі адно заміранне жыцця. Жыццё ў гэтую пару не замірае, а нараджаецца. Яно проста стаіць перад пачаткам новага, яшчэ шырэйшага круга. Бяроза, пад якой я ляжу, адшумела летнім зялёным лісцем і паслала ў свет, можа, мільёны новых бярозак, схаваных у яе лятучым насенні.
Восень – гэта ростані на вечных дарогах старога і новага жыцця.
(145 слоў)
Паводле І. Навуменкі
Похожие статьи:
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восень
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень
В → Восеньскія песні
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Восень
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...