Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзівак з Ганчарнай вуліцы

   У нядзелю раніцай стаяў я на падворку і слухаў, як гудуць каля дзядзькавых вулляў пчолы.
   – Дземідзёнак ідзе, – пачуліся раптам галасы.
   Я азірнуўся і ўбачыў незнаёмага старога, які шыбаваў з клеткай у руцэ сярэдзінай вуліцы. Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак. Стары хуценька перабіраў нагамі, быццам вельмі спяшаўся куды.
   – Дземідзёнак!.. Дземідзёнак!.. – зноў пачуўся крык, і на вуліцу пачалі збягацца дзеці.
   Але да старога яны не набліжаліся. Трымаліся крыху воддаль або ціснуліся за ім ззаду. А стары ішоў сабе ўздоўж вуліцы і, здавалася, не заўважаў іх.
   «Неразумнае дзяцінства», – падумаў я.
   А ўвечары, калі маці прыгнала карову з пашы, запытаў:
   – Дземідзёнак... Хто гэта?..
   – Прыйшоў ён сюды аднойчы вясной. Ці мала людзей пасля вайны па наваколлі без прытулку хадзіла. У кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Ну, і прытупаў чалавек на нашу Ганчарную вуліцу дажываць свой век. Ветлівы, толькі чамусьці неразгаворлівы ён. Панурыцца і маўчыць. Нібы кляймо на ім якое. Але гэта б нішто яшчэ. Ды зачасціў ён на рынак. Убачыць птушку і купляе. А некаторым нібы аднаго гэтага і не хапала. Пачалі лавіць і прадаваць птушак. Сорам аж. Ну, а ён купляе іх і выпускае недзе.
   Мяне неяк цалкам захапіў гэты пануры дзівак. Што за чалавек ён?
   У паводзінах Дземідзёнка мне хацелася бачыць адно звычайнае, няхай нават дзіцячае, захапленне адзінокага старога. Чамусьці не верылася, што ён вось так узяў ды ўзваліў на сябе клопат, які ў астатніх выклікаў спагадлівую ўсмешку.
   Пазней я даведаўся, што да вайны Дземідзёнак служыў лесніком.
   Сям’і ў яго не было. Дачка жыла замужам у горадзе, і ў яе гадавалася свая дачка.
   Тым часам пачалася вайна. Спачатку нішто не патрывожыла Лясныя Дачы. Але вайна дакацілася і да іх. Праз вёску пацяклі людскія натоўпы.
   Сам Дземідзёнак ад рання да вечара прастойваў ля дарогі і ўсё ўглядаўся ў людскія твары, спадзеючыся сустрэць сваіх.
   І яму пашанцавала, ён дачакаўся – прыйшла дачка. Яна прывяла з сабой трохгадовую дзяўчынку, якая да гэтага толькі ад маці чула, што ў яе ёсць дзедка і што ён жыве недзе на беразе ляснога возера.
   Дачка Дземідзёнка пайшла далей, туды, куды ішлі ўсе, а Аленку пакінула з дзедам. Нарэшце настаў дзень, калі зрабілася ў наваколлі зусім ціха і на ўсе Лясныя Дачы засталіся толькі Дземідзёнак і яго ўнучка.
   Блізілася восень. Тады і прыйшлі да яго зноў людзі. То былі партызаны. Спачатку яны жылі ў лесніковай старожцы, але з надыходам зімы, калі выпаў снег, перабраліся за Мёртвае возера.
   Зіма тая выдалася лютая, снежная. Мароз лез ва ўсе шчыліны, і ў старожцы даводзілася круглыя суткі паліць у печы. Дзед з унучкай з нецярплівасцю чакалі цёплых дзён.
   Але аднойчы ў старожку ўварваліся немцы.
   – Партызан?
   Дземідзёнак паціснуў плячамі.
   – Дзе хаваюцца партызаны?
   – Не ведаю.
   – Тады збірайся.
   Старога пасадзілі на сані і павезлі, а Аленку замкнулі ў старожцы.
   Два тыдні катавалі лесніка. І ўвесь гэты час ён мучыўся ад таго, што пакінуў дзяўчынку адну. Калі ж яго нарэшце выпусцілі на волю, то ён не знайшоў у сваёй халоднай старожцы ўнучкі. На падлозе ляжала адна скалелая сініца... Калі і як яна заляцела сюды, Дземідзёнак не ведаў.
   ...Дні праз два я паклікаў да сябе хлапчукоў і расказаў ім усё, што ведаў пра Дземідзёнка. Яны разышліся прыціхлыя, з апушчанымі галовамі. Мне здавалася, што гэтым самым я зрабіў нешта добрае, нават, калі хочаце, абараніў спакутаванага старога ад людской надакучлівасці.
   Дзеці сапраўды больш не даймалі яго. Паступова перавяліся і птушкі на рынку. Неўзабаве іх ужо ніхто не прадаваў у гарадку, хоць Дземідзёнак па-ранейшаму бегаў туды са сваёй клеткай…
   З таго дня я Дземідзёнка не бачыў.
(598 слоў)

(Паводле І. Чыгрынава)

 

Похожие статьи:

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Бульба

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Звон - не малітва

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - У ціхім тумане

БиографииІван Чыгрынаў

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Дзівак з Ганчарнай вуліцы