Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Два вялікія паэты
Купала – гэта нястрымны паток, які шукае сабе рэчышча і знаходзіць яго там, дзе дагэтуль не было ніводнага жыватворнага струменя. Гэта аратай, які нястомна арэ, час ад часу паднімаючы галаву, каб выцерці на твары пот і паглядзець на неба. Гэта чалавек, які толькі што навучыўся спяваць і, уражаны сваёй песняй і ўзрадаваны ёю, выцягвае і выцягвае ўсё новыя рулады. І маладосцю, сілаю, непасрэднасцю вее ад ягонай песні, што хавае ў сабе ўсе адценні пачуцця. Гэта, урэшце, чорнарабочы паэзіі, якому да ўсяго трэба дайсці самому, і калі ў яго не ўсё часам ладзіцца, дык за яго ніхто пакуль гэтага не паправіць – усё трэба рабіць самому. Ён нястомны працаўнік, нават на сузіранне зробленага яму не стае часу. Працаваць, працаваць, працаваць. Можа, іншыя пасля зробяць лепш за яго, але сваё ён павінен зрабіць як найболей і як найлепш.
Купала падняў нацыянальную рэчаіснасць да ўзроўню мастацтва. Тыя, што былі побач з ім ці ішлі за ім, ужо добра, упэўнена адчувалі сябе мастакамі слова. Так адчуваў сябе Колас. Пра яго можна сказаць, што ён ішоў і поплеч з Купалам, і ў той жа час як бы следам за ім. Не трэба думаць, што такое вызначэнне магло насцярожыць каго-небудзь у благім сэнсе. Сказанае трэба разумець так, што Колас, улічваючы зробленае сваім вялікім сабратам па творчасці, стараўся ўжо надаваць жыццёваму матэрыялу большую мастацкую закончанасць і самастойнасць у межах самой літаратуры. У Купалы надзвычайны інстынкт мастака, а Колас не адмаўляецца, каб выверыць гармонію алгебрай. Гэтым, дарэчы, ён нагадвае Багдановіча.
Купала ўвесь у пошуках, у парыванні, у руху, а Колас больш паважны і спакойны, ён упэўнена валодае сваім матэрыялам, паступіўшыся пры гэтым, магчыма, знарок багаццем і разнастайнасцю купалаўскіх тэм. Матывамі ж сваёй творчасці ён гэтак блізкі Купалу, як той яму. Нездарма нават назвы іх першых зборнікаў пераклікаюцца паміж сабой…
Такія гэтыя два вялікія паэты. Не маючы намеру кінуць цень на Коласа, трэба ўсё ж сказаць, што ў лірыцы вялікія мастацкія адкрыцці ён ведае радзей, чым Купала. Колас моцны іншым. «Новая зямля» – вось сапраўднае дзецішча паэта, твор, які нанова як бы стварыў нацыянальную рэчаіснасць і нацыянальную свядомасць. Прычым, калі Купала, як было ўжо сказана, узняў гэтую рэчаіснасць да ўзроўню мастацтва, Колас нанова стварыў яе па законах мастацтва. Два вялікія паэты непарыўна звязаны, такім чынам, паміж сабой адзінствам творчай задачы.
Якія б здабыткі ні займела ў будучым наша літаратура, яна ніколі не абыдзе самай пільнай увагай «Новай зямлі», у якой заўсёды будзе ў самым дэмакратычным сэнсе народны чытач. І не дзіўна гэта: «Новая зямля» даўно ўжо стала настольнай кнігай беларусаў.
(412 слоў)
(Паводле М. Стральцова)
Похожие статьи:
Янка Купала → Тэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці