Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Грышка
Навальніца ўсхадзілася неспадзявана. Захапіўшыся чарніцамі, Дзіма з Колем і не заўважылі, як лес раптам густа пацямнеў, а над галовамі моцна зашумелі елкі і сосны. Грымнуў пярун такім страшэнным выбухам, што, здавалася, над галовамі рассыпаліся тысячы снарадных асколкаў. Хлопцы кінуліся бегчы. Лес стагнаў і трашчаў. Маланкі смалілі амаль несціхана, а гром зліваўся ў адну суцэльную кананаду. Хутка ён пацішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам.
І вось у гэты момант яны пачулі недалёка ад сябе жывы голас. Хлопцы сцішыліся і прыслухаліся. Хутка стала ясна, што выходзіць ён з блізкага маладога зарасніку. Асцярожна расхінуўшы куст, яны ўбачылі птушаня, якое, мабыць, вывалілася ў час навальніцы з гнязда. Было відаць, што правае крыльца яго зламана.
Пасля доўгіх і розных прапаноў было вырашана аднесці птушаня да Веры Андрэеўны, лагернага ўрача. І хоць Коля лічыў, што Вера Андрэеўна толькі людзей лечыць, а не птушак, яго прапанова была прынята. Нікому з хлопцаў не хацелася пакідаць на пагібель птушаня, якое так бязлітасна пакалечыла навальніца.
Вера Андрэеўна найперш сказала, што хлопцы правільна зрабілі, прынёсшы птушаня ў бальніцу, бо яго сапраўды трэба лячыць. Затым яна выраўняла грачаняці пераламанае крыло, выцерла ранку ёдам і туга перавязала бінтам, загадаўшы сябрам несці хворага на свежае паветра.
Тыдні праз два Вера Андрэеўна зняла бінт, сказаўшы хлопцам, што з птушанём усё ў парадку і яно хутка паляціць.
Грачаня за гэтыя дні падрасло і яшчэ больш пачарнела. Хлопцы, вядома, не шкадавалі яму самых лепшых ласункаў. Пачуўшы голас сваіх прыяцеляў, яно весела на ўвесь лес крычала і жвава лопала крыллем, спрабуючы ўзляцець.
Аднойчы хлопцы прынеслі Грышку, так яны назвалі грачаня, чарговы багаты абед і шклянку свежай вады. Але гняздо, якое змайстравалі самі хлопцы, услаўшы яго мякенькай ватай, было пустым.
Сябры радаваліся і сумавалі. Радаваліся, што іх выхаванец ужо стаў дарослым, самастойным граком, што ён ужо сам здабывае сабе яду, ачышчаючы лясы і сады ад розных шкоднікаў. А сумавалі, бо моцна да яго прывыклі.
Яны доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, і ім здавалася, што ў бязладным птушыным крыку яны чуюць і знаёмы голас свайго Грышкі.
(331 слова)
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча